З 2014 году, калі грамадзтва ўпершыню даведалася пра масавыя пахаваньні недалёка ад Віцебску, прадстаўнікі ініцыятывы намагаюцца пераканаць мясцовую ўладу ў неабвержнай ісьціне: тут ляжаць забітыя за часамі Сталіна гэтак званыя «ворагі народу». Прымаць відавочнае чыноўнікі адмаўляюцца і настойваюць на сваім: знойдзеныя парэшткі могуць належаць і ахвярам фашыстаў. Ды, калі б ня чорныя капальнікі, якія сёлета паднялі зь зямлі новыя парэшткі і матэрыяльныя сьведчаньні, афіцыйная вэрсія магла б стаць дамінуючай. Аднак пасьля прыезду пошукавага батальёну, за працай якога ў Хайсах назіраў археоляг акадэміі навук Алег Іоў, які адназначна датуе пэрыяд масавага забойства 1930-мі гадамі, ідэалягічна вывераную вэрсію будуць адстойваць хіба што толькі мясцовыя чыноўнікі.
Больш за месяц таму прадстаўнікі вэртыкалі Віцебскага раёну на сустрэчы з грамадзкасьцю адмовіліся размаўляць пра ўсталяваньне памятных крыжоў ва ўрочышчы Хайсы, аж пакуль ня зьявіцца афіцыйная справаздача археоляга пошукавага батальёну па выніках знаходак сёлетняга вясновага сэзону. Ва ўмовах, калі ўлада цягне час, грамадзкія актывісты бяруць ініцыятыву ў свае рукі.
8 ліпеня да ўсталяваных крыжоў грамадзяне прыладзілі дзьве шыльды. Першая, ля ўваходу ў расстрэльны лес, папярэджвае, што ў 30-я гады тут за часам сталінскага тэрору масава забівалі беларускіх грамадзянаў. Другая прыладжаная на сымбалічны крыж ў гонар канкрэтнай асобы – Вольгі Аляксандраўны Данцыт. Пасьля знаходкі ў адной з магілаў жаночага грабеньчыка з надпісам «Оля Дан…», сябры ініцыятывы знайшлі ў «Картатэцы Сталіна», якая зьмяшчае некалькі тысячаў прозьвішчаў рэпрэсаваных, толькі адно, якое пасавала: Вольга Данцыт. Зь меркаваньня актывістаў іхная здагадка ёсьць слушнаю.
Як кажа кіраўнік ініцыятывы Ян Дзяржаўцаў, разам з 28-гадовай віцебскай настаўніцай Вольгай Аляксандраўнай Данцыт, латышкай па нацыянальнасьці, у адзін дзень 30 красавіка 1938 году былі рэпрэсаваныя яшчэ 62 асобы, у пераважнай большасьці латышы, але былі сярод іх і некалькі летувісаў, эстонцаў ды беларусаў. Усе яны былі абвінавачаныя ў шпіянажы на карысьць буржуазнай Латвіі.
Спадар Дзяржаўцаў распавядае: «Па падліках спэцыялістаў 52-га пошукавага батальёну сёлета падчас раскопак знойдзеныя парэшткі каля трохсот асобаў. А тая акалічнасьць, што сярод сабраных пошукавікамі рэчаў сустракаецца абутак і рэшткі адзеньня, прыдатныя для розных сэзонаў году, сьведчыць пра круглагадовую эксплёатацыю гэтага месца ў якасьці могілак для рэпрэсаваных. Таксама на гэты факт зважаюць у сваіх сьведчаньнях і мясцовыя жыхары. Як высьвятляецца, расстрэлы тут ладзіліся ня толькі паводле клясавай, але і нацыянальнай прыкметы».
Нягледзячы на тое, што байцы пошукавага батальёну працавалі досыць ахайна, у лесе побач з дасьледаванымі імі13-цю раскопамі актывісты знайшлі асобныя косткі чалавечых шкілетаў, рэчы, фрагмэнты адзеньня і багата абутку. Быў знойдзены і чэрап з кулявой адтулінай у патыліцы. Сабраныя парэшткі і рэчы былі складзеныя ў невялікую труну і пахаваныя ў асобнай магіле.
Намаганьні, якія ўжо не ўпершыню робяцца сябрамі ініцыятывы «Хайсы» і мясцовымі жыхарамі дзеля ўшанаваньня памяці рэпрэсаваных беларускіх грамадзянаў, заслугоўваюць увагі і падтрымкі як з боку віцебскай грамадзкасьці, гэтак і з боку афіцыйнай ўлады. Хацелася б спадзявацца, што голас актывістаў урэшце будзе пачуты.
https://vitebskspring.org/news/hramadzjanskija-inicyjatyvy/item/2364-u-vitsebskikh-kurapatakh-namagannyami-gramadzkastsi-stvaraetstsa-narodny-memaryyal#sigProIdbc592266cc
С. Горкі