Вольга Цімашэнка, прэсавы сакратар віцебскай Асацыяцыі прадпрымальнікаў і адна з галоўных ініцыятарак стварэньня выставы перакананая, што інтэрвію атрымаліся вельмі шчырымі і шчымлівымі:
Вольга Цімашэнка бярэ інтэрвію ў выпускнікоў
«Каля двух месяцаў мы рыхтавалі гэтую фотавыставу: распрацоўвалі канцэпцыю, дамаўляліся наконт супрацоўніцтва. Дарэчы, усе ўдзельнікі нашага праекту працавалі на дабрачыннай аснове. Напрыклад, копіцэнтар „Колер“, дзе я зьяўляюся дырэктарам, абсалютна бясплатна надрукаваў усе здымкі. Фатографамі таксама былі я і вядомы ў Віцебску майстар, выкладчык тэхналягічнага каледжу Аляксей Карасёў. Каардынацыяй падрыхтоўкі займаўся наш прадпрымальніцкі Фонд духоўнага адраджэньня.
Працуе фатограф Аляксей Карасёў
Першапачаткова ідэя была ў тым, каб сродкамі фатаграфіі паказаць тое, што палохае і непакоіць дзяцей, каб іх лепей разумелі дарослыя. У гэтай частцы ў якасьці фотамадэлі выступіла дырэктарка салёну прыгажосьці Натальля Кісялёва. Але ж нічога б не атрымалася без удзелу саміх выпускнікоў. Адзінаццаціклясьнікі, трое дзяўчат і 10 хлопчыкаў распавялі пра тое, кім яны хочуць стаць. Падзяліліся тым, што іх хвалюе. І гэта ўжо не звычайныя дзіцячыя страхі, а перажываньні дзяцей, пазбаўленых сямейнай падтрымкі, якіх жыцьцё вымусіла так рана стаць самастойнымі».
Дзяўчынак рыхтуюць да фотасэсіі
На здымкі прадпрымальнікі прыяжджалі не з пустымі рукамі: прывезьлі ласункі і стужкі для выпускнікоў. Зь дзяўчатамі перад фотасэсіяй папрацавала візажыст і грымёр Людміла Кавалёва. У школе-інтэрнаце ёсьць уласная цырульня, гадаванцы практыкуюцца і ў гэтым майстэрстве. Але дзяўчаты нават не чакалі, што на фотаздымках атрымаюцца такія прыгожыя і дарослыя!
Фотаздымкі на «Дошцы гонару»
Фотаздымак з фотавыставы
Пра тое, што іх палохае і трывожыць на парозе дарослага жыцьця, яны гаварылі падобна: што турбуюцца, ці дастаткова ў іх навыкаў па самаабслугоўваньні, што непакояцца, ці знойдуць падтрымку ў новым асяродку, бо ў школе-інтэрнаце былі «ўсе свае».
Хлопцы таксама казалі, што «не хацелі б сустрэць дрэнных людзей», і што нават паступаць будуць імкнуцца туды, дзе ўжо вучыліся знаёмыя — сваякі ці ранейшыя выпускнікі інтэрнату.
З усіх прафэсіяў, як для дзяўчынак, так і для хлопцаў, найбольш прывабнай падаецца прафэсія кухара. Яшчэ — майстра-лесавода, кіроўцы, будаўніка. Адна зь дзяўчат, выдатніца Валерыя, распавяла, што хоча атрымаць эканамічную адукацыю. Праўда, паступаць у вышэйшыя навучальныя ўстановы ніхто з выпускнікоў Сеньненскай школы-інтэрнату не наважыўся.
Адкрыцьцё фотавыставы
Аповеды пра падлеткаў разам зь іх фотаздымкамі былі прадстаўленыя гледачам у «Бітлз-клюбе «Паддашак». Паводле ўмоваў, платай за ўваход на выставу было любое дабрачыннае ахвяраваньне на карысьць сёлетніх выпускнікоў школы-інтэрнату ў Сяньне. Паводле Вольгі Цімашэнкі, грошай за ўваход назьбіралі ня так шмат, як разьлічвалі. Аднак «у агульную скарбонку» пайшлі яшчэ й сродкі, сабраныя з продажу фотаздымкаў на аўкцыёне і па лятарэі. Агулам атрымалася каля 600 рублёў.
Арганізатараў віншуе дырэктарка Асацыяцыі прадпрымальнікаў Ніна Лук’янава
Арганізатары плянуюць, што фотавыстава будзе вандраваць па розных установах, і зьбіраньне дабрачынных унёскаў будзе працягвацца. Імаверна, будзе арганізаваны і інтэрнэт-аўкцыён – бо фотаздымкі прадпрымальніцы-мадэлі Натальлі Кісялёвай рабіліся менавіта для продажу за ахвяраваньні.
Фотамадэль – яшчэ адна ініцыятарка праекту Натальля Кісялёва
Фотаздымкі выпускнікоў арганізатары выставы плянуюць падараваць Сеньненскай школе-інтэрнату, дзе была шчыра падтрыманая іхная ініцыятыва. Сабраныя сродкі будуць перададзеныя адміністрацыі навучальнай установы. Там дапамогуць набыць хаця б самае неабходнае на першым этапе самастойнага жыцьця, чаго выпускнікі ня маюць. Найперш гэта побытавыя рэчы, якія спатрэбяцца пасьля выхаду з інтэрнату, – посуд, пасьцельная бялізна, бытавая тэхніка. Фотаздымкі, напэўна, таксама дастануцца выпускнікам – на памяць пра дзяцінства, якое ня дужа часта радавала шчасьлівымі момантамі.
Афармленьнем залі займаліся таксама нядаўнія выпускнікі – студэнты тэхналягічнага ўнівэрсытэту
Першыя гледачы фотавыставы
БС, svaboda.org