Пры канцы сакавіка гэтага году адбылося падпісаньне мэмарандумаў аб узаемаразуменьні паміж 30 рэгіёнамі Беларусі і Праграмай разьвіцьця ААН у межах праекту ЭЗ/ПРААН па спрыяньні разьвіцьцю рэгіёнаў у нашай краіне. Мэта праекту – разьвіваць патэнцыял, самакіраваньне і ініцыятывы на мясцовым узроўні. Так, у Докшыцкім раёне, які ўвайшоў у трыццатку пілётных рэгіёнаў для апрабаваньня інавацыйных падыходаў да разьвіцьця тэрыторыі, заплянавана рэалізаваць тры ініцыятывы.
Першыя вынікі выкананьня ініцыятывы на Докшыччыне, дзе заяўнікам стала Міжнароднае экалягічнае аб'яднаньне «Прырода і мы», былі падведзеныя нядаўна, у сярэдзіне красавіка. Каля ракі Патачанкі ў Ваўкалатах з гэтай мэтай сабраліся вучні, выкладчыкі і тэхпэрсанал мясцовай сярэдняй школы, работнікі дзіцячага садка, аптэкі, ДК і проста жыхары аграгарадку.
Усе яны разам узялі ўдзел у прыборцы тэрыторыі зоны адпачынку, а таксама ў закладцы пачатку экалягічнай сьцяжыны – у высадцы алеі маньчжурскі гарэхаў з 20 саджанцаў. Сама алея, як і задумвалася, будзе ісьці ўздоўж экасьцяжыны, што знаходзіцца на прававым баку ракі да Станіслаўскага возера.
Удзельнікамі мерапрыемства таксама сталі рэгіянальны каардынатар Праграмы разьвіцьця ААН па Віцебскай вобласьці Андрэй Давыдзенка, кіраўнік праўленьня МЭГА «Прырода і мы» Алег Лысянок, кіраўніца раённага Савету дэпутатаў Валянціна Сівіцкая, намесьніца кіраўніка райвыканкаму Валянціна Рандарэвіч.
Фінансаваньне гэтай ініцыятывы вядзецца за кошт сродкаў Эўразьвязу ў памеры каля 16 тысяч эўра, распавёў спадар Давыдзенка.
Добраўпарадкаваньне зоны адпачынку ён адзначыў як першую ініцыятыву ў раёне. Наперадзе ж яшчэ шмат таго, што трэба зрабіць, бо на чарзе – 10 сельсаветаў. У Ваўкалатах жа, паводле яго словаў, ужо выканана дастаткова: узьвялі мост праз раку, паставілі альтанку для адпачынку тутэйшых жыхароў і экатурыстаў, правялі грамадзкую экаэкспэртызу воднага аб'екту.
У далейшым, як падкрэсьліў рэгіянальны каардынатар, шмат што будзе залежаць ад самога насельніцтва, якое неабыякавае да экалягічнаму стану сваёй мясцовасьці, і ад тых вынікаў, якія прынясе дзейнасьць Грамадзкага экалягічнага паста і школьнага экаатраду.
Алег Лысянок ў межах мерапрыемства распавёў пра дзейнасьць МЭРА «Прырода і мы», які існуе ўжо 8 гадоў і які займаецца выратаваньнем малых рэк у Беларусі. Галоўнай мэтай гэтай ініцыятывы ён назваў выяўленьне і прадухіленьне забруджваньня малых рэк і іншых вадаёмаў. Больш таго, ён выказаў надзею, што ў Ваўкалатах гэтую справу чакае актыўнае разьвіцьцё дзякуючы ўтворанаму школьнаму экалягічнаму атраду.
Плянамі на будучыню наконт разьвіцьця сельскіх тэрыторыяў раёну падзялілася кіраўніца Ваўкалацкага сельвыканкаму Антаніна Бабарыка. У прыватнасьці, яна зьвярнула ўвагу, што ў Патачанку зьбіраюцца запусьціць малькоў таўсталобіка, якія вельмі добра чысьцяць ваду ад непатрэбнай расьліннасьці. Таксама ў плянах – далейшае добраўпарадкаваньне зоны адпачынку: усталяваць лаўкі і зрабіць клюмбы.