Пэтыцыя будзе накіраваная ў Міністэрства прыроды і аховы навакольнага асяродзьдзя Рэспублікі Беларусь.
Больш за 50 тысяч тон выкідаў за год
“Горад Наваполацак зьяўляецца адным з самых забруджаных гарадоў Беларусі. Выкіды ў атмасфэрнае паветра шкодных рэчываў сягаюць штогод 50 тыс. тон. Тэрыторыя Наваполацку і прылеглых раёнаў пастаянна падвяргаецца нэгатыўным ўзьдзеяньням на навакольнае асяродзьдзе з боку прадпрыемстваў прамысловасьці. Асноўнымі крыніцамі шкоднага ўзьдзеяньня і выкідаў забруджвальных рэчываў, у тым ліку цыянідаў і сінільнай кіслаты, у паветра зьяўляюцца заводы “Нафтан” і “Палімір”, – гаворыцца ў звароце.
Фота: gazeta.naftan.by
Паводле аўтараў пэтыцыі, у лістападзе 2016 году ў Наваполацку прайшоў “круглы стол” з удзелам грамадзкасьці і прадстаўнікоў ААТ “Нафтан”, на якім абмяркоўвалася ў тым ліку і неабходнасьць мадэрнізацыі ачышчальных збудаваньняў у цэхах па вытворчасьці нітрылу акрылавай кіслаты на заводзе “Палімір” (уваходзіць у структуру “Нафтану”). Гаварылася пра тое, што гэта трэба зрабіць, каб мінімізаваць шкоднае ўзьдзеяньне на навакольнае асяродзьдзе.
“Але мадэрнізацыя не адбылася аж да сёньня”, – сьцьвярджаюць аўтары.
Цытуюць у пэтыцыі арт. 208 Падатковага кодэксу Беларусі, згодна зь якім сума экалягічнага падатку зьмяншаецца на суму асвоеных капітальных укладаньняў у будаўніцтва і (або) рэканструкцыю газаачышчальных установак. То бок укладаньні ў мадэрнізацыю сыстэмы не павінны легчы фінансавым цяжарам на плечы прадпрыемства.
Афіцыйна: Выкіды зьмяншаюцца
Аўтары звароту просяць таксама даць ім праўдзівую інфармацыю аб тым, якія канкрэтна забруджвальныя рэчывы выкідаюцца ў паветра прадпрыемствамі “Нафтан” і “Палімір” і якія захады прымае кіраўніцтва, каб зьменшыць іх нэгатыўнае ўзьдзеяньне на навакольнае асяродзьдзе.
Між тым, згодна з лічбамі, якую падае газэта “Вестник Нафтана”, за 8 месяцаў 2017 году на мерапрыемствы, якія мелі экалягічны эфэкт, на ААТ “Нафтан” было патрачана інвэстыцый на суму 22 млн. рублёў. Як сьцьвярджаў начальнік аддзелу па ахове прыроды і рацыянальным выкарыстаньні прыродных рэсурсаў Віктар Дзятлаў, выкіды на “Нафтане” года ад году зьмяншаюцца.
Фота: gazeta.naftan.by
Паводле ягоных словаў, цягам тых жа 8 месяцаў прадпрыемства выкінула ў атмасфэру 27,4 тыс. тон забруджвальных рэчываў з 800 стацыянарных крыніцаў. Гэта, нібыта, складае ўсяго 30% ад дазволенай колькасьці за год і на 3 тоны меней, чым у 2016-м.
Зьміцер Міраш