Мэтай мерапрыемства было азнаямленьне чыноўнікаў і грамадзкасьці з практыкай выкарыстаньня палажэньняў Оргускай Канвэнцыі Эўрапейскай Эканамічнай Камісіі ААН «Аб доступе да інфармацыі, удзеле грамадзкасьці ў прыняцьці рашэньняў і доступе да правасудзьдзя ў пытаньнях навакольнага асяродзьдзя», з нацыянальным экалягічным заканадаўствам і практыкай судовай абароны інтарэсаў грамадзян на чыстую навакольнае прыроду.
КАНВЭНЦЫЯ НА АБАРОНЕ ІНТАРЭСАЎ ГРАМАДЗЯН НА ЧЫСТУЮ ПРЫРОДУ
Адметнасьцю канвэнцыі ёсьць тое, што яна забясьпечвае правы грамадзян на доступ да экалягічнай інфармацыі. Іншая карысная для грамадзян адметнасьць канвэнцыі - яна дае ім права на ўдзел у працэсе прыняцьця ўладамі рашэньняў, якія адаб'юцца на экалягічным стане кожнай тэрыторыі краіны. Таксама канвэнцыя забясьпечвае права кожнага грамадзяніна падаць у суд пазоў, калі дзяржаўныя чыноўнікі не даюць экалягічнай інфармацыі або замінаюць грамадзкасьці ўдзельнічаць у прыняцьці рашэньняў, якія ўплываюць на прыроду. Напрыклад, пра высечку зялёных насаджэньняў, пра працу сьмецьцязборнікаў, альбо пра будаўніцтве экалягічна небясьпечных прадпрыемстваў і аб'ектаў.
КОЛЬКАСЦЬ ЗВАРОТАЎ ГРАМАДЗЯН РАСЬЦЕ
Пра канвэнцыю і дзейнасьць Оргускага цэнтру Рэспублікі Беларусь распавяла Захарава Вольга Леанідаўна, кіраўнік цэнтру. У цэнтар зьвяртаюцца грамадзяне па абарону сваіх інтарэсаў на чыстую навакольную прыроду. За восем гадоў дзейнасьці цэнтру дадзеныя адказы больш як на 2200 зваротаў грамадзян.
За дзевяць месяцаў 2016 году Віцебскі абласны камітэт прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяродзьдзя адказаў на 191 зварот. Большасьць зь іх тычыліся высечкі зялёных насаджэньняў - 68 зваротаў, або трэцяя частка ад усіх скаргаў. На другім і трэцім месцы скаргі наконт арганізацыі вывазу і збору адкідаў (27 зваротаў) і забруджваньня вады (22 звароты).
ЛЁГКІЯ ГОРАДУ, АБО ДЕВЯТЫЙ ХРАМ
Лапаткіна Тацяна Мікалаеўна, намесьніца начальніка аддзелу апэратыўнага кантролю Віцебскага абласнога камітэту прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяродзьдзя, у сваім выступе сказала:
«У Віцебску будзе пабудаваны чарговы храм на беразе ракі Дзьвіны. Адны грамадзяне кажуць: “Навошта нам храмы кожныя 5 мэтраў? У нас іх ужо 8 штук”. А тыя грамадзяне, якія вернікі, кажуць: “Нам патрэбны храм!”. Па правілах: калі ёсьць праект, ёсьць грамадзкае абмеркаваньне, калі ёсьць ўзгадненьні, як у гэтым выпадку, парушэньня прыродаахоўнага заканадаўства няма. Проста людзі непакояцца за стан навакольнага асяродзьдзя, якое пераходзіць плаўна на паветраныя пытаньні. Чым мы будзем дыхаць, гэта лёгкія гораду?»
АБАРАНЯЦЬ ПРЫРОДУ МОЖНА Ў СУДОХ
Магонаў Сяргей Аляксандравіч, юрыст аб'яднаньня экалягічных арганізацыяў і актывістаў «Зялёная сетка» распавёў прысутным пра судовую практыку:
«Сфармавалася невялічкая судовая практыка па разглядзе экалягічных справаў. У прыватнасьці, гэта справы наконт доступу грамадзян да экалягічнай інфармацыі. Гэта абскарджаньне адмовы чыноўнікаў у даваньні экалягічнай інфармацыі грамадзянам. Напрыклад, Полацкі гарвыканкам адмовіў у дачы інфармацыі грамадзяніну Беларусі пра зьнішчэньне зялёных насаджэньняў на тэрыторыі гораду Полацку. Запыт паступіў ад жыхара Берасьцейскай вобласьці. Выканкам Полацку напісаў, што «... гэтыя дрэвы знаходзяцца ў Полацку, і якая вам справа да нашых дрэваў...». Але, паводле палажэньняў Оргускай Канвэнцыі, кожны чалавек мог зрабіць такое запыт - нават жыхар іншай краіны. Такім запытам рэалізавалася права грамадзкасьці на ўдзел у прыняцьці экалягічных рашэньняў. У працэсе судовага разгляду гэтая інфармацыя была дадзеная жыхару Берасьцейскай вобласьці».
https://vitebskspring.org/news/ekaliohija/item/2126-u-vitsebsku-abmerkavali-mizhnarodnyya-standarty-pa-ekaljogii-videa#sigProIdb38f2721d2
Аляксандар Марозаў