Пятніца, 11 Верасень 2026

У Полацкім дзяржаўным універсітэце правялі адмысловы “круглы стол”, дзе раскрытыкавалі палітыку і эканоміку Латвіі

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

Мерапрыемства называлася «Латвия – Беларусь: конфронтация vs диалог». Яго сэнс зводзіўся да ухвалення пазіцыі Беларусі, якая адкрыла “бязвіз” для заходніх суседзяў насуперак пазіцыі “глыбокай канфрантацыі” з боку Латвіі. Апошнюю папракнулі за “канцэпцыю савецкай акупацыі” і “палітычныя амбіцыі Рыгі”, якая захацела “разарваць масты , супрацьпаставіўшы гэтаму “фундамент национально-государственного строительства и индустриализации” у Беларусі.

У той час, як ідэолагі і праўладныя навукоўцы спаборнічалі ў папроках на адрас суседняй дзяржавы, іх красамоўства прымусілі слухаць студэнтаў, а таксама памежнікаў Полацкага памежнага атрада. А потым, паўтарыўшы асноўныя тэзы аратараў, пра гэта напісала і абласныя газета «Витебские вести» - каб чытачам таксама дасталася порцыя нянавісці да заходніх суседзяў.

Латвія даўно стала аб'ектам нападак з боку беларускіх праўладных ідэолагаў  нароўні з Польшчай і Літвой. Аднак заяўляючы пра "разрыў мастоў" нібыта па ініцыятыве суседняй краіны, і навукоўцы, і работнікі "ідэалагічнага фронту" многае недагаворваюць. Да прыкладу, не згадваюць, што да пачатку вайны ва Украіне і па гэтай прычыне ўвядзення эканамічных санкцый з боку латвійскага ўрада адносна Беларусі, у віцебскім рэгіёне латышамі былі зарэгістраваны 90 арганізацый у сферы гандлю, дрэваапрацоўкі, аказання аўтатранспартных паслуг, паслуг па пашыву адзення, вытворчасці пластмасавых вырабаў. 

Паміж раёнамі і гарадамі Віцебскай вобласці і самакіраваннямі Латвіі былі заключаны 33 пагадненні аб супрацоўніцтве. На тэрыторыі вобласці было арганізавана 17 трансгранічных турыстычных маршрутаў з Латвіяй, 14 з якіх распрацаваны па праектах міжнароднай дапамогі. 

Больш за 25 гадоў дзейнічала буйное грамадскае аб'яднанне мясцовых органаў кіравання - еўрарэгіён "Азёрны край". У яго ўваходзіла 37 самакіраванняў Віцебскай вобласці, Латвіі і Літвы. Аб'яднанне з'яўлялася асновай для падрыхтоўкі праектаў трансгранічнага супрацоўніцтва па праграме "Літва-Латвія-Беларусь", на фінансаванне якіх у 2014-2020 гадах Еўрасаюзам было выдзелена больш за 120 млн. еўра. 

Аднак падтрымка Беларуссю расейскай вайсковай агрэсіі на Украіне адыграла сваю негатыўную ролю, таму справа тут зусім не ў "канцэпцыі савецкай акупацыі", як гэта спрабавалі прадставіць прамоўцы. 

да ўсяго, увосень 2022 года адбылася яшчэ адна падзея, якая выклікала незадавальненне у беларускага боку: Латвія прыняла рашэнне разбурыць  частку «Кургана дружбы» – савецкага мемарыяльнага комплексу, узведзенага ў 1959 года на стыку межаў Беларусі, Расеі і Латвіі. Прыняўшы цвёрдую пазіцыю наконт знішчэння помнікаў савецкага перыяду, латвійскі ўрад пастанавіў разбурыць тую частку кургана, якая знаходзілася на тэрыторыі Латвіі. Але ў Беларусі рашэнне суседняй краіны было названа «здрадай», «фальсіфікацыяй гісторыі» і горача асуджана праўладнымі прапагандыстамі.

Стварэнне і знішчэнне помнікаў – унутраная справа кожнай дзяржавы. Але беларуская ідэалагічная прапаганда імкнецца стварыць уражанне, што ўсе іншыя дзяржавы, апрача Расеі, паводзяць сябе ў гэтым сэнсе амаральна.Цяпер пра тое, што ў "Кургана дружбы" некалі было тры бакі, ужо не згадваюць, а толькі нахвальваюць “расейска-беларускую еднасць”. Мемарыял ствараўся ў 1959 годзе як напамін пра партызанскі рух у Латвіі, Беларусі і Расіі, але цяпер ідэалагічная прапаганда імкнецца ўкласці чытачам у галовы тэзіс пра даўнія гістарычныя стасункі з Расеяй і заслугі менавіта яе ў супольным знішчэнні ворага падчас Вялікай Айчыннай вайны.  

Алег Кунін