З якімі ж праблемамі, па версіі «Лепельскага краю», часцей за ўсё сутыкаюцца беларусы, якія выязджаюць за мяжу для працы?
Прыводзяцца наступныя прыклады: шмат прапаноў працы за мяжой змяшчаюцца ў Інтэрнэце, якія размешчаны прыватнымі асобамі. Так, па мабільным тэлефоне менеджары прапануюць працу за мяжой, часцей за ўсё ў Расійскай Федэрацыі, а потым паведамляюць дату і месца арганізаванага выезду з Беларусі. Пры гэтым асабіста з работнікамі да выезду ніхто не сустракаецца. У такіх выпадках перавозчыкамі "працоўнай сілы" з'яўляюцца наёмныя асобы, якія не валодаюць інфармацыяй аб прапанаванай ім працы, а толькі ажыццяўляюць дастаўку людзей да заяўленага пункта прызначэння. Адпаведна, выязджаючы за межы Беларусі, у грамадзян адсутнічаюць якія-небудзь дакументы, якія пацвярджаюць факт прыёму на працу. Таму па прыбыцці яны жывуць ці працуюць за мяжой, як правіла, незаконна. І ў выніку, абараніць свае правы па зарплаце і ўмовах працы па такой вуснай «тэлефоннай» дамоўленасці вельмі складана.
Каб засцерагчы сябе лепяльчанам раяць папрасіць у супрацоўнікаў фірмы паказаць ліцэнзію на працаўладкаванне за мяжой. Спіс фірм, якія маюць такую ліцэнзію, размешчаны на сайце МУС Беларусі. Аб такіх фірмах можна таксама даведацца ва ўпраўленні па грамадзянстве і міграцыі той вобласці, дзе зарэгістраваная фірма.
Маніторынг аб'яў у Інтэрнэце, у тым ліку і ў сацыяльных сетках, сведчыць, што прапаноў, якія ўтойваюць рэальную небяспеку, сапраўды шмат.
Таксама рэальнай пагрозай бяспечнага знаходжання за мяжой з`яўляецца няведанне законаў краін, куды едуць беларусы, у прыватнасці, мясцовай сістэмы абароны працоўных і іншых правоў. Таму найбольш бяспечным спосабам з'яўляецца выезд пры садзейнічанні фірм, якія маюць ліцэнзію на ажыццяўленне дзейнасці, звязанай з працаўладкаваннем за межамі Беларусі. Бо наяўнасць ліцэнзіі накладвае на дадзеныя фірмы шэраг абавязацельстваў. Напрыклад, перад выездам за мяжу яшчэ на тэрыторыі Беларусі з работнікам абавязкова павінна быць заключана дамова (працоўная або грамадзянска-прававая), якая рэгіструецца ва ўпраўленні па грамадзянстве і міграцыі, і адзін экзэмпляр даецца работніку на рукі. Толькі пасля гэтага грамадзянін можа выехаць на працу.
Пасля тлумачэння алгарытму па пошуку працы, лепельская раёнка дае рэкамендацыі тым, хто хоча выехаць за межы Беларусі і ўладкавацца там на працу.
Яна настойліва рэкамендуе паведаміць у аддзел па грамадзянстве і міграцыі па месцы жыхарства або месцы знаходжання аб даце, мэце выезду з Беларусі, а таксама паведаміць пра замежнага наймальніка, умовах працы і пражывання, уключаючы парадак аплаты працы і сацыяльнага забеспячэння. Калі ж грамадзянін заключыў працоўную дамову ў Беларусі да выезду за мяжу, то раяць прадаставіць копію працоўнай дамовы, заключанай з замежным наймальнікам у падраздзяленне па грамадзянстве і міграцыі.
Напрыканцы лепельскі сайт падае сваім чытачам кантакты, дзе можна бясплатна атрымаць інфармацыю пра парадак выезду беларусаў за мяжу для працы - у Міністэрстве замежных спраў Рэспублікі Беларусь (тэл. + 375-173-79-26-73, 379-47-71) - атрымаць інфармацыю пра месцазнаходжанне і нумары тэлефонаў дыпламатычных прадстаўніцтваў або консульскіх устаноў Рэспублікі Беларусь у дзяржаве працаўладкавання (пры іх наяўнасці), аб міжнародных арганізацыях, якія ажыццяўляюць абарону правоў, свабод і законных інтарэсаў працоўных-эмігрантаў. Таксама раяць у дыпламатычных прадстаўніцтвах дзяржавы працаўладкавання ўдакладніць умовы ўезду і патрабаванні пры працаўладкаванні і паставіць у вядомасць сваіх блізкіх аб ад'ездзе.
Па дадатковую інфармацыю таксама раяць звяртацца і ва ўпраўленне па грамадзянстве і міграцыі УУС Віцебскага аблвыканкама па адрасе: г. Віцебск, праспект Фрунзе, 41-А (прыём грамадзян ажыццяўляецца ў панядзелак, аўторак, чацвер і пятніцу з 08.00 да 13.00) альбо па тэлефоне 8-0212-60-34-90.
Знаходзячыся за мяжой, як, зрэшты, і ў сябе на радзіме, ніколі не варта забываць аб разумнай асцярожнасці і абачлівасці. Неабходна памятаць, што некаторыя дзеянні лягчэй прадухіліць, чым аднавіць законнасць парушаных правоў і інтарэсаў. Падсумоўвае сайт лепельскай раёнкі.
Алег Віткевіч