Адказ на скаргу падпісаў намесьнік старшыні гарвыканкаму Дзьмітры Шэрыкаў. Згодна з гэтым адказам, Гурчанка згаданы закон не парушыла. Маўляў, парадак падачы і разгляду заявак на правядзеньне масавых мерапрыемстваў рэгулюецца Законам аб масавых мерапрыемствах, а Закон аб зваротах грамадзян не тычыцца тых зваротаў, у дачыненьні да якіх заканадаўчымі актамі вызначаны адмысловы парадак іх падачы і разгляду.
Тым ня менш гарвыканкам прызнаў, што чыноўніца парушыла іншы закон – аб мовах: «Артыкулам 5 Закону Рэспублікі Беларусь “Аб мовах у Рэспубліцы Беларусь” гарантавана права грамадзян атрымліваць адказ на зварот на мове звароту. За парушэньне артыкулу 5 Закону Рэспублікі Беларусь “Аб мовах у Рэспубліцы Беларусь” у дачыненьні да намесьніка кіраўніка Першамайскага раёну г. Віцебску Гурчанкі В.В. будуць прыменены меры дысцыплінарнага характару».
Што гэта за «меры дысцыплінарнага характару» – намесьнік кіраўніка Віцебскага гарвыканкаму не ўдакладніў.