Няўжо журналісты гэтага выдання ўсур’ёз думаюць, што людзі гэтай прафесіі запатрабаваныя для грамадства і нешта сапраўды станоўчае робяць для людзей. Гэтыя ідэолагі займаюць свае пасады толькі для таго, каб абслугоўваюць лукашэнкаўскі рэжым і ўбіваць у галовы беларусаў усялякую лухту, то бок перашкаджаць нармальна жыць звычайным беларусам. У Еўропе, напрыклад, няма нідзе такіх нікчэмных пасадаў.
Шаркаўшчынскія ідэолагі, як піша мясцовая раёнка “Кліч радзімы”, сабраліся на мерапрыемства, каб разледзець шэраг важных пытанняў. А гэта, як арганізаваць ідэалагічную працу ў сельгаспрадпрыемствах падчас пасяўной, якім чынам заахвочваць перадавікоў і як выконваць санітарныя нормы пры арганізацыі харчавання падчас палявых работ?
Гэтае мерапрыемства яны назвалі семінар-вучоба ідэалагічных работнікаў сельскагаспадарчых арганізацый раёна. Мерапрыемства праходзіла на базе ААТ "Шаркаўшчынскі агратэхсэрвіс".
Паводле раёнкі, вядучы спецыяліст па ідэалагічнай рабоце ААТ "Шаркаўшчынскі агратэхсэрвіс" Яся Краснікава расказала пра арганізацыю ідэалагічнай работы: пра афармленне стэндаў, кабінета ідэалагічнага работніка, сістэматызацыю ідэалагічных матэрыялаў. Сапраўды, гэта настолькі важная работа, што без яе і ўказанні ідэолагаў ні адзін працаўнік аргапрадпрыемства не зможа засеяць поле ці агарод!
Намесніца кіраўніка па ідэалагічнай рабоце ААТ "Ельня-Агра" Ніна Буда расказала, як у сельгаспрадпрыемстве арганізавана інфармацыйна-ідэалагічнае забеспячэнне палявых работ. Цікава, як яны гэта робяць? Мо, як у тым савецкім кіно “Аперацыя Ы ці іншыя прыгоды Шурыка”, калі распавядалі людзям “пра касмічныя караблі, якія баразняць прасторы сусвету”. Дарэчы, гэтая тэма зараз якраз актуальная ў сувязі з палётам першай беларускі ў космас. Толькі вось яна наўрад ці зацікавіць паляводаў.
Галоўны ўрач раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі Уладзімір Грашчанка агучыў патрабаванні па падрыхтоўцы аб'ектаў харчавання да работы ў перыяд правядзення палявых работ. Старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Аляксандр Гернат расказаў аб арганізацыі працоўнага спаборніцтва пры правядзенні палявых работ у сельгасарганізацыях, аб мерах маральнага і матэрыяльнага стымулявання работнікаў. Галоўны спецыяліст аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі Тэрэса Міштаўт давяла да ведама прысутных інфармацыю аб ходзе выканання плана мерапрыемстваў па святкаванні 79-й гадавіны Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне і 80-й гадавіны вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.
Начальнік аддзела ідэалагічнай працы і па справах моладзі Людміла Стома падвяла вынікі працы, вызначыла прыярытэтныя напрамкі працы на 2024 год. Таксама ўдзельнікі абмеркавалі ход падпісной кампаніі на газеты "Кліч Радзiмы" і "Віцебскія весці". Вядома ж, ідэолагі і забяспечваюць гэтую падпіску, ціснучы на людзей. Трэба ж, каб людзі чыталі “правільныя” прапагандысцкія артыкулы, вывераныя тымі ж ідэолагамі. У людзей пакуль ёсць альтэрнатыва – інтэрнэт, але і там рэжым Лукашэнкі спрабуе гаспадарыць, прыцягваючы людзей да адміністрацыйнай і нават крымінальнай адказнасці за лайкі і рэпосты.
Намеснік старшыні райвыканкама Юрый Васілеўскі падвёў вынікі раённага этапа агляду-конкурсу на лепшую пастаноўку ідэалагічнай работы ў працоўных калектывах у 2023 годзе.
Вось і ўсё, што трэба ведаць пра так званую працу ідэолагаў не толькі ў Шаркаўшчынскім раёне, але і па ўсёй Беларусі.
Леў Карабанаў