На сустрэчу прыйшлі кіраўнік адміністрацыі Першамайскага раёна Яўген Сямёнычаў, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Таццяна Аўтухова, ідэалагічны і грамадскі актыў, кіраўнікі і намеснікі ўстаноў адукацыі, навучэнская моладзь Першамайскага раёна. І ўсе яны «з абсалютнай увагай» слухалі больш як дзвюхгадзінны выступ былога магілёўскага апазіцыянера, а цяпер – правадніка праўладнай ідэалогіі.
Пра «дыялогавую пляцоўку» напісала газета «Витьбичи», імкнучыся пераканаць чытачоў у высновах, якія цяпер прапагандуе спадар Марзалюк. Паводле артыкула ў дзяржаўнай гарадской газеце, дзе пераказваюцца словы Марзалюка, «мудра і справядліва паступіў беларускі народ, калі ў большасці сваёй прыняў у 1995 годзе дзяржаўную сімволіку суверэннай і незалежнай Рэспублікі Беларусь - тую сімволіку, пад знакам якой мы жывем і якая адлюстроўвае гістарычную праўду і справядлівасць». Ігар Марзалюк, які скончыў гістарычы факультэт Магілёўскага педагагічнага інстытута, робіць выгляд, што забыўся на паходжанне сучаснай дзяржаўнай сімволікі Рэспублікі Беларусь, - пра тое, што гэта зусім трохі змененая сімволіка БССР, а не нешта адмысловае і арыгінальнае.
У 1990-х Марзалюк быў сябрам Беларускай сацыял-дэмакратычнай Грамады і нават нейкі час быў намеснікам кіраўніка Магілёўскай абласной арганізацыі БСДГ. У тыя часы ён насіў бел-чырвона-белы зачок-сцяжок, і ў сваіх выступах часа згадваў адвечныя войны Беларусі і Расіі. Пра той час колішні праціўнік, а цяпер прыхільнік улады Лукашэнкі ўспамінаць не любіць, і ад бел-чырвона-белага сцяга адхрышчваецца. Вось і на апошняй сустрэчы, паводле газеты «Витьбичи», ён «распавёў пра тыя страшныя злачынствы, якія чынілі калабарацыяністы на часова акупаванай нямецка-фашысцкімі захопнікамі беларускай зямлі, у тым ліку пад бел-чырвона-белым сцягам, а таксама пра тое, як у нашыя дні праяўляюць сябе неанацысты».
У чарговы раз ён прывёў і ўласную тэорыю, што да закліка «Жыве Беларусь». Яшчэ ў лістападзе 2020 г. ён заявіў, што гэты лозунг ёсць калькай нацысцкага вітання «Зіг Хайль». Хаця, як гісторык, ен не можа не ведаць, што гэтае словазлучэнне ўжывалася задоўга да пачатку Другой сусветнай вайны.
Свае погляды на дзяржаўную сімволіку і негатыўныя ацэнкі сумволікі «апазіцыйнай» Ігар Марзалюк выклаў у кнізе «Сімвалы беларускай вечнасці: гісторыя сімвалаў беларускай дзяржаўнасці» , выдадзенай сёлета ў выдавецтве «Беларусь». У ёй сабраныя тэксты тэлевыступаў гісторыка -прапагандыста ў аднайменным праекце, паказаным на СТВ. Апрача герба і сцяга, у гэтым выданні Марзалюк разважае над іншымі вобразамі, якія лічыць сімвалічнымі – піша пра зубра як сімвал моцы, дуб як сімвал моцы і неўміручасці, слуцкі пояс як сімвал адраджэння беларускага мастацтва і гд. Гэтую кнігу, складзеную з белетрыстычных аповедаў, а не з навуковых даследванняў, па сканчэнні «дыялогавай пляцоўкі» аўтар падпісваў усім ахвотным.
Тамара Валнушкіна