У пачатку свайго маналогу Ігар Цеплякоў акрэсліў сваё бачанне партыйнай сістэмы ў Беларусі: прыгадаўшы пасыл Аляксандра Лукашэнкі пра тое, што дзейнасць палітычных партый павінна быць накіравана на адзінства, згуртаванне і захаванне інтарэсаў грамадзянскай супольнасці», віцебскі лідар ЛДПБ зазначыў, што ва ўмовах шматпартыйнай сістэмы «недапушчальна супрацьстаянне партый». Паводле ягонага меркавання, жыхары Беларусі ва ўмовах такой палітычнай стэрыльнасці ўсё адно маюць «права выбару ў частцы падыходаў і рэалізацый сваіх поглядаў, імкненняў і ініцыятыў».
Стаўленне Цеплякова да палітычных апанентаў цалкам характарызуюць ягоныя слова пра тое, што «пайшлі ў нябыт усе дэструктыўныя палітычныя аб'яднанні з радыкальнай і непрымірымай пазіцыяй, а таксама так званыя партыі-фрыкі, якія імітуюць бурную палітычную дзейнасць, у асноўным праз інтэрнэт». Паводле ягоных словаў, «на палітычным полі краіны засталіся толькі самыя шматлікія, яскравыя "цяжкавагавікі" з выразна выяўленай патрыятычнай пазіцыяй: Ліберальна-дэмакратычная партыя Беларусі, Камуністычная партыя Беларусі, Рэспубліканская партыя працы і справядлівасці і нядаўна створаная Беларуская партыя "Белая Русь". Іх аб“ядноўвае «канструктыўны пачатак і ўсвядомленая, адкрытая і актыўная падтрымка дзяржаўнага курсу», яны падтрымліваюць «мірнае развіццё, рост дабрабыту нашага народа, захаванне і ўмацаванне незалежнасці, тэрытарыяльнай цэласнасці», а таксама «народаўладдзе, сацыяльную арыентаванасць дзяржавы і непахіснасць канстытуцыйнага ладу».
Ігар Цеплякоў нават ўбачыў у стасунках паміж праўладнымі партыямі
«здаровую канкурэнцыю» праз тое, што ўсе яны могуць спаборнічаць у прасоўванні сваіх «канструктыўных падыходаў і метадаў у рамках закону». Не забыўся віцебскі партыец і згадаць непасрэднае кіраўніцтва – старшыню Ліберальна-дэмакратычнай партыі Беларусі Алега Гайдукевіча, які прапанаваў зрабіць рэгулярнымі рабочыя сустрэчы Аляксандра Лукашэнкі з партыйнымі лідэрамі.
Не менш выразнай пасля публікацыі гэтага інтэрв“ю выгладае і пазіцыя самой газеты «Витьбичи»: яна імкнецца стварыць у чытачоў уражанне справядлівага «навядзення парадку» у партыйным жыцці Беларусі, калі ўсе партыі, апрача некалькіх, якія карыстаюцца падтрымкай Аляксандра Лукашэнкі, былі знішчаныя па загадзе ўладаў.
Любоў Піменава