Серада, 08 Лістапад 2023

У Віцебску 7 лістапада зноўку выступаў «Ленін»

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)

Каля помніка Леніну чарговы раз сабраліся выступалі прыхільнікі «камуністычнага заўтра». Сярод пераважнай большасці людзей сталага веку вылучаўся хлопец у пазнавальным антуражы - «ленінскія» бародка і кепка, паліто, чырвоная павязка на рукаве і прамовы пра тое, што «камуністы змагаюцца за тое, каб кожны чалавек мог гарманічна развівацца ва ўсіх накірунках». Выступоўцу многія гараджане пазналі адразу: гэта быў 21-гадовы Арцём Касачоў, які яшчэ ў 2017-м годзе заклікаў прыхільнікаў будаўніцтва камунізму здзейсніць сацыялістычную рэвалюцыю, імітуючы з сваім выступе манеру «правадыра сусветнага пралетарыята».

На той час Арцёму было 15 гадоў, ён вучыўся ў 9-м класе 2-й гімназіі. Цяпер Арцёму 21 год, і ягоныя ідэйныя погляды з той пары не змяніліся: ён далучае сябе да «камуністаў» і па-ранейшаму лічыць вынікі Кастрычніцкай рэвалюцыі вылікай дзяржаўнай каштоўнасцю.

На маладога прамоўцу звярнула ўвагу і карэспандэнтка дзяржаўнай газеты «Беларусь сегодня». Хлопец назваўся ёй «сакратаром патрыятычнага грамадскага аб’яднання «Отечество». Такой структуры няма ў спісе зарэгістраваных суполак на сайце Міністэрства юстыцыі. Хаця ёсць грамадскае аб“яднанне з падобнай назвай "Белорусское движение "Отечество". Больш падрабязна пра тое, якія мэты яно ставіць у сваёй дзейнасці, звестак няма таксама.

На сайце Віцебскага гарвыканкама ў пераліку наяўных у абласным цэнтры грамадскіх структур таксама няма «патрыятычнага грамадскага аб“яднання «Отечество». Найхутчэй, хлопцу, які назваўся яго прадстаўніком, проста падабаецца быць у цэнтры ўвагі гледачоў, раз на год апранаючыся «пад Леніна» і цешачы старых камуністаў прамовамі ў духу першых гадоў савецкай улады.

 Руслан Лаеўскі