Чыноўніку патэлефанавала жыхарка райцэнтра, якая з'яўляецца маці шасцярых дзяцей. Жанчына, імя якой не называецца, пацікавілася ў Ігара Брыло, чаму ёй было адмоўлена ва ўручэнні ордэна Маці з-за правіны аднаго дзіцяці.
Нягледзячы на тое, што апошнім часам Лукашэнка казаў узмацніць крытэры выдачы ордэна Маці і больш строга ставіцца да шматдзетных сем'яў, якія быццам неналежным чынам выхоўваюць дзяцей, яго памочнік Ігар Брыло заявіў, што гэтая жанчына з Шаркаўшчыны павінна атрымаць узнагароду.
Бо, паводле чыноўніка, выхаванне шасцярых дзяцей з'яўляецца сапраўдным подзвігам. Гэтую праблему ўзяў на кантроль і старшыня Шаркаўшчынскага райвыканкама Дзмітрый Ламака.
Пасля заканчэння "прамой тэлефоннай лініі" ў малой зале Шаркаўшчынскага райвыканкама адбыўся і выязны прыём грамадзян і прадстаўнікоў юрыдычных асоб.
Паводле раёнкі, на прыём прыйшоў жыхар Шаркаўшчыны, які зараз знаходзіцца на заслужаным адпачынку, а ў свой час працаваў на розных пасадах у сферы сельскай гаспадаркі. Мужчына папрасіў аказаць дапамогу ў выдзяленні сельгаспрадпрыемствам тэхнікі.
У сваю чаргу Ігар Брыло адказаў, што сёлета Віцебшчына атрымае 100 камбайнаў. З іх два ўжо працавалі на ўборачнай у Шаркаўшчынскім раёне. Бліжэйшым часам у Шаркаўшчыну павінны паступіць яшчэ тры камбайны.
Памочнік Лукашэнкі паабяцаў узяць сітуацыю з выдзяленнем сельскагаспадарчай тэхнікі на асабісты кантроль.
Мікалай Каверын