Кантроль за ходам уборачнай у Віцебскай вобласці міліцыянты вядуць штодня. Але нягледзячы на гэта, паліва працягваюць зліваць і красці. З пачатку ўборачнай кампаніі было ўжо выяўлена больш за 11 тон выкрадзенай афарбаванай саляркі з сельгаспрадпрыемстваў.
Найбольшая частка афарбаванага дызпаліва была скрадзена ў Бешанковіцкім раёне - 1,2 т. Амаль па 0,8 т - у Віцебскім і Пастаўскім.
Увечары 20 жніўня афарбаванае паліва знайшлі ў машыне жыхара Барані ў Аршанскім раёне. Партыю ў 160 л перавозіў 34-гадовы індывідуальны прадпрымальнік.
Крымінальныя справы за махінацыі з дзяржаўнымі гаруча-змазачнымі матэрыяламі распачаты ў 8 раёнах Віцебскай вобласці: Віцебскім, Лепельскім, Мёрскім, Аршанскім, Чашніцкім, Бешанковіцкім, Пастаўскім і Полацкім.
Таксама фіксаваліся і выпадкі п'янства працаўнікоў сельскагаспадарчых арганізацый. З пачатку ўборачнай кампаніі 10 кіроўцаў кіравалі даручанай ім тэхнікай у стане алкагольнага ап'янення, а таксама ў нецвярозым стане на працы знаходзіліся 50 вартаўнікоў.
Вікторыя Цапковіч