Адна з такіх груп дзейнічае ў выканкаме Кастрычніцкага раёну, і на ўмовах ананімнасці пра візіт туды распавёў адзін з асуджаных за падпіскі на так званыя «экстрэмісцкія інтэрнэт-рэсурсы». Паводле спадара, позву на гутарку яму пад подпіс уручыла паштальёнка, там была ўказана дата і нумар кабінета, куды трэба было з“явіцца ў прызначаны час. Праўда, з часам не дужа атрымалася, бо пад дзвярыма давялося пачакаць: у кабінет ужо стаяла невялікая чарга. Запрашалі па адным, за дзвярыма трое жанчын распытвалі кожнага, што здарылася, і ўшчувалі «за паводзіны». Тлумачылі, што пакаранне панесена заслужана і раілі надалей «не паўтараць памылак».
У сярэднім гутарка працягвалася не больш як 15-20 хвілін, і з убачанага вынікала, што ў выканкамах ёсць спісы з указаннем месцаў жыхарства нядаўна асуджаных. У чарзе былі і тыя, хто адбыў «суткі», і аштрафаваныя на адміністрацыйныя правапарушэнні.
Паўнамоцтвы падобных ідэалагічных груп абмяжоўваюцца ўнутранымі распаражэннямі выканкама – органа, які іх уласна і стварыў. Адказнасць за ігнараванне падобных выклікаў не прадугледжана. Тым не менш, віцябляне лічаць за лепшае не абвастраць сітуацыю, бо спісы «нядобранадзейных» відавочна паступаюць з міліцыі, і справаздача аб праведзеных гутарках, магчыма, таксама пойдзе ў гэтую ўстанову.
Станіслаў Іваноўскі