Серада, 26 Красавік 2023

Улады Чашніцкага раёна адмовілі веласіпедыстам ва ўладкаванні веладарожкі

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)
Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота

У сакавіку бягучага года 40 мясцовых актывістаў веларуху звярнуліся ў Чашніцкі райвыканкам і да кіраўніцтва прадпрыемства "Віцебскаблдарбуда" з просьбай абсталяваць веладарожку ўздоўж дарогі, якая злучае гарады Чашнікі і Новалукомль. У адказе на петыцыю ўлады паведамілі аб тым, што ў іх няма грошай на ўладкаванне дарожкі для язды на веласіпедах. 

На думку актывістаў, жыхары Чашніцкага раёна маюць цяжкасці ў бяспечнай веласіпеднай яздзе паміж горадам Чашнікі і бліжэйшымі населенымі пунктамі. Асабліва праблематычны ўчастак дарогі, які злучае Чашнікі і Новалукомль, працягласцю 25 км.

Зыходзячы з наяўных патрэбаў веласіпедысты прасілі чыноўнікаў знайсці грошы для таго, каб правесці работы па ўладкаванні веладарожкі на ўчастку шляху Новалукомль - Чашнікі. Г.зн. зрабіць на дарозе адпаведную разметку, пабудаваць астраўкі адпачынку і бяспекі, па магчымасці асвятліць яе для паездак у цёмны час сутак.

Аднак у адмоўным адказе, які неўзабаве атрымалі велааматары ад намесніка старшыні Чашніцкага райвыканкама Аляксандра Сурына, значыцца наступнае: «У адпаведнасці з Дзяржаўнай праграмай па развіцці і ўтрыманні аўтамабільных дарог у Рэспубліцы Беларусь на 2021-2025 гады, зацверджанай пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 09.04.2021 г. № 212, рэканструкцыя аўтадарогі Чашнікі і Новалукомль праграмай работ не прадугледжаны».

Іван Каліна