Аўторак, 25 Красавік 2023

На льнозаводах Віцебшчыны не хапае сыравіны належнай якасці

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

Камітэт дзяржкантролю Віцебскай вобласці праверыў выкананне зацверджаных яшчэ ў студзені 2021 года мерапрыемстваў па развіцці льняной галіны. Як паведамляе ведамства, у 2022 годзе заданне па валавым зборы льновалакна ў вобласці выканалі толькі на 75 % (тры з шасці льнозаводаў).

Заданне па пастаўках доўгага і кароткага льновалакна ў кошт дзяржаўных патрэб выканаў толькі Дубровенскі льнозавод. Пяць іншых не выканалі дзяржзаказ з-за недахопу сыравіны належнай якасці.

Як паказалі вынікі кантролю, асноўная прычынай дрэннай якасці валакна і планавых паказчыкаў з’яўляецца невыкананне тэхналогіі вырошчвання лёну і нарыхтоўкі льнотрасты.

Выявілася, што ў мінулым годзе лён-даўгунец пасеялі на непрыдатных землях. На 30 % пасяўных плошчаў ніжэй за мінімальны ўзровень фосфару, на 11 % – калію, на 7 % – перавышэнне дапушчальнага інтэрвалу кіслотнасці. Пасеялі лён на 7,6 % плошчаў, узараных вясной. Недаўнясенне мінеральных угнаенняў склала 25 % ад тэхналагічнай патрэбы. Акрамя таго, на 7 % плошчы пасеялі насенне нізкіх рэпрадукцый. Таксама парушаны аргатэхнічныя тэрміны пад’ёму льнотрасты. Да 25 верасня яе паднялі толькі на 53 % плошчаў.

Гэтыя парушэнні ў тым ліку не дазволілі льнозаводам нарыхтаваць льнотрасту належнай якасці і забяспечыць пастаўку льновалакна на дзяржаўныя патрэбы.

Як паведамляе Камітэт дзяржкантролю Віцебскай вобласці, аналагічная сітуацыя складваецца і сёлета. З падабраных пад ураджай плошчаў не адпавядаюць патрабаванням 56.

Мясцовым органам улады ведамства прапанавала ўзмацніць кантроль за выкананнем патрабаванняў вырошчвання лёну-даўгунцу.

Як вядома, на льнозаводах людзі не атрымліваюць вялікіх заробкаў, ды і самі заводы знаходзяцца ў даволі занядбаным стане. І ці даводзіцца тады чакаць эканамічнага паляпшэння і дабрабыту працаўнікам льнозаводаў, калі нават у нашай краіне не могуць вырасціць сыравіну прыдатнай якасці? Пытанне рытарычнае.

Інга Сташэўская