Гэтая гісторыя выглядае настолькі малаверагоднай, што з афіцыйнай заявай пра фэйк выступіла віцебская міліцыя. Дзяржаўныя СМІ заклікалі не паддавацца на правакацыі і не распаўсюджваць гэтую навіну, якая, падобна, дабралася на памежную Віцебшчыну з Расейскай Федэрацыі. Прынамсі, газеты паведамілі, што падобныя інфармацыя пра «атрутны парфюм з Украіны» ужо цыркулюе па расейскіх гарадах.
Управа МУС Віцебскага аблвыканкама лічыць, што гэта «чарговая «качка», якая распаўсюджваецца з мэтай дэстабілізацыі ў грамадстве». Аднак не паведамляе, ці зроблены нейкія захады, каб выявіць «дэстабілізатараў», і ці будзе гэта рабіцца ўвогуле. Магчыма, фэйк пра «дыверсію» з украінскага боку падаецца віцебскай міліцыі менш небяспечным за «несанкцыянаваныя пікетаванні», калі віцяблянаў затрымлівалі і каралі «суткамі» то за букет жоўтых і блакітных кветак, то за шкарпэткі з жоўтымі і блакітнымі палоскамі.
Жанна Жалейка