У шматлікіх інтэрв'ю Віталь Варанковіч цвердзіць, што ў клубах, якія ён курыруе, хлопцаў рыхтуюць да тэрміновайй службы ў войску. Цяжка не пагадзіцца з вайскоўцам, што сённяшнія падлеткі мала бываюць на свежым паветры, не маюць вялікіх фізічных нагрузак, а таму нават падчас экскурсіі ў вайсковую частку «не могуць доўга стаяць, у іх падкошваюцца ногі, і ім трэба дзесь прысесці». Таму старшы афіцэр шмат увагі надае так званай дапрызыўнай падрыхтоўцы моладзі. Але не зразумела, чаму сёння стала «модным» змешваць загартоўку фізічных якасцяў і ўменне абыходзіцца са зброяй з фармаваннем якасцяў духоўных, бо ў вайскова-патрыятычных клубах не навучаюць галоўнаму складніку патрыятызму – любові. А менавіта як «любоў да Радзімы» варта разумець слова «патрыятызм».
Вайскова-патрыятычныя клубы, якія цяпер ствараюцца па ўсёй Беларусі, накіраваныя на «ваенізацыю» маладога пакалення пад выглядам патрыятычнага выхавання. Падлеткам насамрэч можа быць цікава паглядзець, як функцыянуюць вайсковыя часткі, як зблізку выглядае баявая тэхніка, прываблівае маладых людзей і ўдзел у спартовых спаборніцтвах. Усё гэта насамрэч ішло б на карысць фізічнаму развіццю і пашырэнню кругагляду, каб не змяшчэнне акцэнтаў: ідэалагічная рыторыка пра тое, што Беларусь трэба бараніць ад нейкіх знешніх і ўнутраных ворагаў падмяняе сэнс панятку «патрыятызм» на насаджэнне варожасці да ўсяго навакольнага свету.
Лявон Каляда