Кіраўнік адміністрацыі ў сваім выступе ахапіў вялікае кола пытанняў: распавёў пра поспехі Беларусі ў прамысловасці і сельскай гаспадарцы. А што да Шаркаўшчынскага раёну, то адзначыў недахоп кадраў, найперш у медычнай галіне, кепскі стан дарог і перспектывы падрыхтоўкі да абласных «Дажынак».
Значную частку сваёй прамовы Ігар Сергяенка прысвяціў міжнароднай палітыцы, прычым гаворка ішла ў рэчышчы запалохвання землякоў войскамі НАТА і абяцаннямі абараніць Беларусь ад захопніцкіх інтарэсаў заходніх краін. Ізноў гаварылася пра «спекуляцыі апазіцыі» на тэму ваенных дзеянняў ва Украіне – пра пагрозы ўдзелу ў іх беларускіх вайскоўцаў, якія Сергяенка лічыць правакацыйнымі прыдумкамі.
Асобна ён спыніўся на «выкрыцці» спробаў «замежных цэнтраў» і «спецслужбаў замежных дзяржаў» знішчыць дзейныя беларускія ўлады. Не абышлося і без згадак пра «беглых» – значнай колькасці беларусаў, якія пакінулі краіну пасля падзеяў 2020 г. Не зважаючы на тое, што многія з’ехалі з Беларусі не дзеля ўцёкаў ад палітычнага пераследу, а з асабістых меркаванняў, кіраўнік адміністрацыі Лукашэнкі параўнаў іх усіх з «паліцаямі і здраднікамі, якія забівалі свой народ» падчас Вялікай Айчыннай вайны. Маўляў, тыя таксама ўцяклі на Захад, каб спакойна дажыць свой век.
Паказальна, што такія параўнанні прагучалі ўжо пасля таго, як было абвешчана пра стварэнне адмысловай камісіі, у якую могуць звярнуцца ўсе ахвотныя павяртацца на Радзіму. На ўзроўні першай асобы краіны было прадэкларавана, што невінаватыя людзі не пацерпяць, калі захочуць вярнуцца. Аднак параўнанні кіраўніка адміністрацыі сведчаць пра іншае: усіх без выключэння ўжо запісалі ў ворагі Беларусі і нават параўналі з прыслужнікамі нацыстаў, эксплуатуючы ўсё тую ж тэму генацыду беларускага народу ў часе мінулай вайны.
Папярэдзіў Ігар Сергяенка і пра «небяспеку» падчас наступных выбараў. Маўляў, могуць актывізавацца дэструктыўныя элементы, і таму першачарговай задачай з’яўляецца змяншэнне іхнага ўплыву на свядомасць беларусаў. Таму дзяржаўныя СМІ мусяць рабіць не што іншае, як «нарошчваць інфармацыйную экспансію», каб быць «наперадзе апазіцыйных Telegram-каналаў.
Міхась Хмара