Кантралёры ўказвалі на неабходнасць удасканаліць дадзеную сферу з улікам правапрымяняльнай практыкі і ўкаранення ў паўсядзённае жыццё сучасных тэхналогій і магчымасцяў, якія спрашчаюць падачу і разгляд зваротаў і для заяўнікаў, і для кантралюючых органаў.
Кнігу заўваг дзяржаўныя органы ўжо не вядуць
У заканадаўства ўведзены шэраг істотных змяненняў, якія набылі моц 2 студзеня. Яны маюць дачыненне да падачы электронных зваротаў, вядзення кнігі заўваг і прапаноў, асабістага прыёму, азнаямлення з матэрыяламі па разглядзе зваротаў ды іншае.
Як зазначаюць у ведамстве, цяпер звярнуцца па электроннай пошце ў дзяржаўныя орган, арганізацыю можна толькі праз адзіную (інтэграваную) рэспубліканскую інфармацыйную сістэму ўліку і апрацоўкі зваротаў. З гэтай мэтай у сетцы Інтэрнэт створаны сайт http://обращения.бел/, дзе неабходна зарэгістравацца.
Кнігу заўваг і прапаноў абавязаны весці толькі арганізацыі, іх адасобленыя падраздзяленні, прадпрымальнікі, якія рэалізуюць тавары, выканаўцы работ, што аказваюць паслугі ў сферах, вызначаных Саўмінам. У гэтай сувязі дзяржаўныя органы цяпер кнігу заўваг і прапаноў не вядуць.
Адмова грамадзянам у асабістым прыёме і ігнараванне адказу
Таксама чыноўнікі могуць адмовіць у асабістым прыёме, калі заяўнік прымяняе тэхнічныя сродкі (аўдыё- і відэазапіс, кіна- і фотаздымку) без згоды таго, хто вядзе прыём, і не жадае спыніць іх прымяненне, а таксама пры адмове прад’явіць дакумент, які пацвярджае асобу заяўніка, яго прадстаўніка, і дакументы, што засведчваюць такія паўнамоцтвы.
Заканадаўствам прадугледжаны абавязак у 15-дзённы тэрмін прадставіць дакументы ці звесткі, неабходныя для вырашэння пытанняў зваротаў, па запытах арганізацый і прадпрымальнікаў, якія іх разглядаюць. Але тут ёсць таксама выключэнні – выпадкі, калі дакументы ці звесткі згодна з заканадаўчымі актамі прадастаўляюцца на платнай аснове.
У ліку новаўвядзенняў і замацаванне прававой магчымасці не накіроўваць адказ заяўніку пры такой просьбе ў звароце, а таксама права пакінуць без разгляду зварот, які ўтрымлівае пагрозы жыццю, здароўю і маёмасці, пабуджэнне да супрацьпраўнага дзеяння ці пры злоўжыванні правам на зварот.
Інга Сташэўская