Згодна са статыстычнымі данымі, на гэты момант у вобласці дзейнічаюць 15 галіновых прафсаюзаў, у якіх знаходзяцца больш як 348 тыс. чалавек, а гэта 75 працэнтаў занятых у эканоміцы.
У рэгіёне функцыянуюць больш за 3,4 тыс. пярвічных прафсаюзных арганізацый, дзейнічаюць больш за 2,6 калектыўных дагавораў паміж прафсаюзамі і адміністрацыямі прадпрыемстваў.
За год у распараджэнне прафсаюзных босаў аказаліся вялізныя грошы. Толькі ўнёскаў ад сябраў прафсаюзаў было атрымана ня менш за 58 млн. рублёў, што складае 23 млн. даляраў ЗША. Ёсць яшчэ ў прафсаюзаў даход ад арэнды, прадастаўленні адукацыйных, гасцінічных, турыстычных і аздараўленчых паслуг. Засталося таямніцай на якія праекты былі растрачаныя гэтыя грошы і колькі іх пайшло на ўтрыманне кіраўніцтва абласной арганізацыі ФПБ.
Улады дапамагаюць афіцыйным прафсаюзам пашырыць базу збору ўзносаў за кошт прыватных прадпрыемстваў. У выканкамах ставяцца добразычліва да таго, што пад выглядам абароны правоў працоўных, інспектары-прафсаюзнікі мучаць бізнэс сталымі праверкамі, з надзеяй што яны "зламаюцца" і пагодзяцца на стварэнне прафпервічак.
За магчымасць бесперашкодна атрымліваць грашыма сябраў прафсаюзаў і распараджацца прыбыткамі ад уласнасці арганізацыі, кіраўніцтва прафсаюзаў Віцебшчыны займалася легалізацыяй дзейнага рэпрэсіўнага палітычнага рэжыму.
У 2022 годзе на патрабаванне Віцебскага абласнога аб'яднання прафсаюзаў яго шараговыя члены прынялі актыўны ўдзел у мерапрыемствах па правядзенні рэспубліканскага рэферэндуму па пытанні ўнясення змяненняў і дапаўненняў у Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь, імітавалі абмеркаванне законаў аб Усебеларускім народным сходзе, Грамадзянскім грамадстве, выбарчым законе і ў Працоўны кодэкс.
Таксама паміж Віцебскім абласным аб'яднаннем прафсаюзаў і абласной арганізацыяй Беларускага саюза ветэранаў вайны ў Афганістане 17 лістапада было падпісана двухбаковае пагадненне аб доўгатэрміновым супрацоўніцтве. Арганізацыі дамовіліся аб сумеснай рабоце на ніве гвалтоўнай мілітарызацыі свядомасці навучэнскай моладзі.
Таксама абласныя прафсаюзы імітацыйна, адсюль і неэфектыўна супрацьдзейнічалі "недружалюбным" рашэнням "заходніх партнёраў" і Украіны ў дачыненні да Беларусі і з адмоўным вынікам спрабуючы мінімізаваць эканамічныя і палітычныя санкцыі.
Каб неяк адпавядаць сваёй назве, прафсаюзы маніторылі сітуацыю з няпоўнай занятасцю і выплатай заработнай платы.
Найменш прафсаюзныя начальнікі цікавіліся захаваннем працоўных і сацыяльна-эканамічных правоў і інтарэсаў работнікаў, умовамі працы і адпачынку работнікаў. Гэта звязана з тым, што калі па-сапраўднаму адстойваць правы працоўных, то ў гэтым выпадку няўхільныя канфлікты з дзяржавай, уладальнікам сродкаў вытворчасці - заводам і фабрык.
Нязмыўнай ганьбай для ФПБ стала маўклівая згода на ліквідацыі незалежных прафсаюзаў. Публічна лідэр арганізацыі Юры Дзяркач не выказаў слоў у падтрымку свайму калегі - кіраўніку недзяржаўнага прафсаюза Радыёэлектроннай прамысловасці жыхара Воршы палітвязня Васіля Бераснёў, які нядаўна быў асуджаны на 9 гадоў пазбаўлення волі за абарону правоў і законных інтарэсаў людзей працы.
Сяргей Ільін