Нядзеля, 08 Студзень 2023

Ваенком Віцебскай вобласці Руслан Шкодзін агітуе за войска ў TikTok

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)

Па словах палкоўніка Шкодзіна, ціктокерам ён стаў, «каб наладзіць камунікацыю з прызыўнікамі». Сёння на яго канал падпісаны больш як паўмільёна чалавек, і ваенком з задавальненнем распавядае дзяржаўным медыям пра сваю «творчую кухню». Але ж нідзе не паведамляе пра будзь-якія спробы статыстычнага аналізу – наколькі відэаролікі з ягоным удзелам насамрэч уплываюць на рашэнне маладых хлопцаў наконт службы ў войску і ці варта лічыць сур’ёзным дасягненнем у выхаванні маладога пакалення каментары кшталту «заберите пожалуста школа надоела» (арфаграфія і пунктуацыя як у арыгінале).

У TikTok Руслан Шкодзін зарэгістраваўся ў 2021-м годзе. Тады ў яго была ідэя ўплываць на моладзь праз усе сацыяльныя сеткі і мэсэнджары, і рабіць гэта «па-сур’ёзнаму» – здымаць ролікі пра салдацкі побыт, распавядаць пра заканадаўчую базу, што да службы ў войску, публікаваць доўгія тэксты, даручаючы іх падрыхтоўку кіраўнікам адпаведных аддзелаў. Але планы трансфармаваліся пасля таго, як ваенком у TikTok «проста пакруціў галавой, і відэа адразу набрала 600 тысяч праглядаў».

Цяпер ён штодня стварае «гумарыстычны кантэнт» паводле ўласнага разумення: здымае свае рэакцыі на чужыя відэаролікі і мантажуе ўсё гэта разам на дзве паловы экрана. У левай, да прыкладу, паказаны хлопец з доўгімі валасамі, а справа ваенком каментуе ягоныны знешні выгляд: «Не, так не пойдзе!» Калі ж злева з’яўляецца той самы хлопец з кароткай стрыжкай, Шкодзін гэта ўхваляе: «Вось, зусім іншая справа». Увогуле ж змест бальшыні відэаролікаў з удзелам Руслана Шкодзіна зводзіцца да сентэнцыі «у войску з цябе зробяць чалавека», прычым ваенком не бянтэжыцца высмейваць фізічныя недахопы, сэксуальную арыентацыю, манеру апранацца ці звычкі бавіць вольны час «патэнцыйнага прызыўніка».

Калі ж у гледачоў з’яўляюцца канкрэтныя пытанні, што да вайсковай службы, то з TikTok іх перанакіроўваюць у Instagram: там Шкодзін дае адказу ўжо без «салдацкага гумару». І падпісчыкаў гэтая старонка мае значна меней - крыху больш за 3, 5 тысяч.

Дзейнасць ваенкома Руслана Шкодзіна ў справе ўплыву на падлеткаў не абмяжоўваецца Інтэрнэтам. Менавіта па ягонай ініцыятыве ў вобласці ствараюцца Цэнтры дапрызыўнай падрыхтоўкі, у функцыі якіх уваходзіць навучанне асновам вайсковай справы і патрыятычнае выхаванне ў фармаце сустрэч з ветэранамі, ускладання кветак да помнікаў і гд. Прычым Віцебская вобласць стала лідарам па стварэнні такіх цэнтраў у мясцовых школах.

Падобна, што для Шкодзіна памкненне да службы ў войску з’яўляцца натуральным, бо сам ён – патомны вайсковец. Нарадзіўся ў Віцебску, скончыў Мінскае вышэйшае ваеннае каманднае вучылішча, на розных пасадах пятнаццаць гадоў служыў у 103-й асобнай гвардзейскай паветрана-дэсантнай брыгадзе. У 2009 г. быў пераведзены ў абласны ваенны камісарыят на пасаду намесніка начальніка аддзела тэрытарыяльнай абароны. Праз год стаў намеснікам ваеннага камісара – начальнікам аддзела тэрытарыяльнай абароны. А ў 2016 г. заняў пасаду вайсковага камісара Віцебскай вобласці.

Ён лічыць, што ў Беларусі неабходна падвышаць і прэстыж ваеннай службы, і імкнецца спрыяць гэтаму рознымі спосабамі, у тым ліку скарыстаўшыся інтарэсам падлеткаў да інтэрнэту. Выступае ён і з больш «дарослымі» прапановамі: да прыкладу, стрымліваць кар’ерны рост у дзяржаўных структурах тых супрацоўнікаў, хто не служыў у войску ( тых, «хто незаконным чынам пазбег службы» – так фармулюе сваю прапанову віцебскі ваенком, але не называе канкрэтных прозвішчаў).

Эмілія Траяновіч