«Клінічныя» могілкі названыя паводле назвы Клінічнага пасёлка, які вырас у 1930-я гады вакол самай буйной на той час гарадской клінічнай больніцы. Але свайму з’яўленню некропаль абавязаны не перадваеннаму сацыялістычнаму будаўніцтву, а вёскам, якія былі ў гэтых мясцінах раней. Найверагодней, калісьці тут былі могілкі пры вёсцы Глухія, а пазней у гэтым месцы пачалі хаваць і гараджан.
У 1970-я гады «Клінічныя» могілкі меркавалі знесці. Тады гарадскія ўлады звярталіся да сваякоў з прапановай перанесці парэшткі родных. Хтосьці зрабіў гэта, хтосьці не, але зносу не адбылося. Але цяпер на «Клінічных» могілках засталіся каля 50-ці магілаў, пазначаных помнікамі ці агароджамі, і безліч безыменных пагоркаў. І паколькі гарадскія ўлады забыліся на свае планы і ўвогуле на гэтае месца, тут пачалі збірацца аматары выпіўкі, а пагост паступова ператварыўся ў звалку смецця.
Некалькі разоў неабыякавыя віцябляне ладзілі тут прыборкі, і іхны клопат пра могілкі ўсё ж падштурхнуў адказныя структуры да дзеянняў. Летась напярэдадні Дзядоў камунальнікі правялі тут прыборку, а сёлета нават з’явілася інфармацыйная шыльда, дзе нават пазначаны час наведвання могілак.
Зрэшты, пакуль гэта чыстая фармальнасць, бо могілкі не маюць агароджы, і мясцовыя жыхары скарачаюць паўз могілкі шлях да сваіх дамоў. Плот тут усталёўвалі некалькі разоў – і грунтоўны драўляны, і сімвалічны, з дапамогай вяроўкі, нацягнутай па перыметры. Але заўсёды знаходзіліся вандалы, якіх не бянтэжыла тое, што за плотам – могілкі. Магчыма, што цяпер, калі віцебскія чыноўнікі нарэшце «заўважылі» старыя могілкі, сюды пачнуць заглядаць і міліцэйскія патрулі. Збочыць з найбліжэйшай вуліцы Праўды зусім недалёка, а належны кантроль дапаможа нарэшце вырашыць і гэтую праблему – наладзіць не толькі рэгулярнае добраўпарадкаванне камунальнікамі, але і належнае стаўленне да «Клінічных» могілак з боку жыхароў гораду.
Сяргей Рудэнка