У мэтах выканання даручэнняў кіраўніка дзяржавы ў вобласці створана міжведамасная рабочая група з ліку работнікаў Камітэта дзяржаўнага кантролю Віцебскай вобласці, фінансавай міліцыі, пракуратуры Віцебскай вобласці, БЭЗ УУС, Віцебскага аблвыканкама, прафсаюзаў.
Праз праўладныя СМІ сілавікі і чыноўнікі просяць "неабыякавых грамадзян" даносіць аб вядомых ім фактах павышэння цэн на "гарачую лінію" КДК вобласці.
Сапраўды працы шмат. Бо вобласці сфарміравана развітая інфраструктура гандлю і грамадскага харчавання: функцыянуюць больш за 13 тысяч гандлёвых аб'ектаў розных фарматаў, 80 гандлёвых цэнтраў, 54 рынкі, 1,7 тысячы аб'ектаў грамадскага харчавання на 86,7 тыс. месц, не менш як 500 аптэк. Бытавыя паслугі насельніцтву Віцебскай вобласці аказваюць 3,7 тысячы суб'ектаў гаспадарання, з іх 2,4 тысячы індывідуальных прадпрымальнікаў і 1,3 тысячы юрыдычных асоб.
За паўтара тыдня на тэрыторыі Віцебскай вобласці пачынаючы з 6 кастрычніка было праверана больш за 2000 ці 10% ад усіх аб'ектаў гандлю, сферы паслуг, аптэк. Афіцыйна абвешчана аб адной узбуджанай крымінальнай справе па факце завышэння коштаў. Ад пільных грамадзян паступіла як мінімум 35 даносаў.
Адказныя асобы ў выканкамах вельмі незадаволеныя тэмпамі правядзення кампаніі "цэны павярнуць назад". Таму ў рэгіёне былі тэрмінова арганізаваны 40 мабільных груп, сярод спецыялістаў кантралюючых і праваахоўных органаў, прадстаўнікоў мясцовых органаў улады, дзяржаўных прафсаюзаў. Таксама да працы таксама прыцягнутыя «грамадскія інспектары», якія надзелены незаконным правам кантраляваць працу гандлёвых і іншых аб'ектаў.
Цяпер члены мабільных груп штодзень правяраюць 300 аб'ектаў. І калі тэмп і колькасць праверак ўдацца захаваць, то патрабаванага выніку ўказанага ў Дырэктыве – праверыць, хаця б 1 раз, усе аб'екты гандлю і паслугаў, можна чакаць бліжэй да пачатку снежня бягучага года.
Алег Кунін