Структура КДБ размяшчалася ў гістарычным будынку па вул. Савецкай (былой Дварцовай) з 1950-х гадоў – як толькі былы «губернатарскі палац», як называюць яго ў Віцебску, быў рэстаўраваны пасля вайны. Мае гэтае месца і іншую народную назву: «выклікаюць на Успенку» або «забралі на Успенку» казалі пра вымушаных наведнікаў абласной управы КДБ, бо помнік архітэктуры знаходзіцца ў самым цэнтры Віцебску, на Успенскай гары.
Гісторыя будынку бярэ пачатак у 1772 годзе, калі яго збудавалі для шляхцічаў Кудзіновічаў. У 1806 годзе жылы дом быў рэканструяваны пад рэзідэнцыю генерал-губернатара, і да 1917 году лёс будынку быў звязаны з гістарычнымі падзеямі і асобамі царскай Расеі. Пасля Кастрычніцкага перавароту ў помніку архітэктуры размяшчаліся камітэт віцебскай арганізацыі РСДРП(б), віцебскі губвыканкам, пазней мясцовыя структуры адукацыі і статыстыкі. Падчас Вялікай айчыннай вайны будынак істотна пацярпеў, ад яго фактычна засталіся толькі сцены -- дах, падлога і ўнутранае аздабленне былі знішчаны незваротна. Тым не менш, «губернатарскі палац» быў рэстаўраваны з укладаннем значных фінансавых сродкаў. Але большасць простых віцяблянаў ніколі не бывала ўнутры гістарычнага помніка, хаця з улікам спецыфікі ўстановы, якая там размясцілася, гэта хутчэй станоўчы фактар…
Сітуацыя мае карэнным чынам змяніцца, калі цяпер, пасля высялення КДБ, будынак перададуць музейнай сістэме. Суполка «Витебский музей» далёка не самая шматлікая ў Фэйсбуку, і таму абмеркаванне йдзе не дужа актыўна. Аднак гараджане даўно выказваюцца за тое, каб помнік гісторыі і культуры больш не належаў закрытым структурам, а стаў яшчэ адным гарадскім музеем.
Сяргей Мартынаў
Субота, 30 Ліпень 2022
Былы будынак віцебскага КДБ можа стаць музеем
Абласное ўпраўленне КДБ атрымала новую рэзідэнцыю ў цэнтры Віцебску: на вуліцы Калініна быў адмыслова пабудаваны новы сучасны гмах. І з той пары, як стала вядома пра перасяленне супрацоўнікаў КДБ з помніка архітэктуры 18 стагоддзя, які займала абласное ўпраўленне, у горадзе вяліся размовы, ці не аддаць яго пад патрэбы краязнаўчага або іншага музея гістарычнай накіраванасці. Цяпер у суполцы «Витебский музей» у Фэйсбуку з’явілася пытанне да землякоў, як бы яны паставіліся да такой перспектывы. Адміністратары суполкі сцвярджаюць, што вывучэнне грамадскай думкі на гэты конт неўзабаве будзе абвешчана афіцыйна.