Мерапрыемства мусіла адказаць на пытаньні: Якія асноўныя адметныя рысы эканомікі і бізнэсу паўночнага рэгіёну? Якія праблемы сёньня зазнае эканоміка і бізнэс? І што можна зрабіць дзеля выпраўленьня сытуацыі, ды якія для гэтага можна знайсьці кропкі росту?
Арганізатарам імпрэзы выступіла грамадзкае аб'яднаньне «Асацыяцыя наймальнікаў і прадпрымальнікаў Віцебскай вобласьці», у якое ўваходзяць больш за 180 чальцоў з розных сфэраў бізнэсу з 4-х гарадоў і 13-ці раёнаў Віцебшчыны.
У першай частцы выступіў Яраслаў Раманчук, шмат каму вядомы як кандыдат ў прэзыдэнты на выбарах 2010 году. Пасьля няўдалага паходу ва ўладу ён сышоў з палітыкі і засяродзіўся на эканамічных дасьледаваньнях. У цяперашні момант узначальвае Цэнтар «Мізэса» і зьяўляецца сябрам прэзыдэнцкага Савету па разьвіцьці прадпрымальніцтва.
У сваім дакладзе «Партрэт Віцебскай вобласьці: параўнальны аналіз» Яраслаў паспрабаваў, выкарыстоўваючы розныя статыстычныя дадзеныя, ахарактарызаваць стан эканомікі рэгіёну. А стан, паводле яго словаў, ахавы: адбылася поўная дэіндустрыялізацыя эканомікі.
Так, з параўнальнага аналізу 2017 году і 2011-га вынікае, што за мінулыя 6 гадоў у Віцебскай вобласьці скарацілася вытворчасьць безалькагольных напояў (–66,7%), садавінагародніных кансэрваў (–97% – з 11 да 0,3 тысяч тон), макаронных вырабаў (–84,8%), панчошна-шкарпэткавых вырабаў (–63,4%), верхняга адзеньня (–31,5%), цэглы (–50,8%). Вытворчасьць драўнянастружкавых пліт і вінаградных вінаў цалкам спыненая. Выкарыстаньне нерухомасьці і асноўных вытворчых магутнасьцяў рэгіёну пастаянна скарачаюцца. Акрамя таго, у Віцебскай вобласьці самая маленькая рэнтабэльнасьць сярод усіх рэгіёнаў краіны.
Затым слова ўзяў Леанід Заіка, кіраўнік Аналітычнага цэнтру «Стратэгія».
У прэзэнтацыі «Асаблівасьці капіталізацыі і манэтызацыі рэсурсаў і актываў Віцебскай вобласьці» ён акцэнтаваў увагу на дэмаграфічнай праблеме рэгіёну. Толькі за 2017 год нэгатыўны балянс склаў 2165 чалавек.
Асноўная прычына – міграцыя насельніцтва. Краіны, якім аддаюць перавагу віцебскія мігранты, – Расейская Фэдэрацыя, Украіна, Летува, Ізраіль, Нямеччына, ЗША. Каб спыніць тэндэнцыю адтоку насельніцтва, неабходна ствараць высокатэхналягічныя працоўныя месцы з высокімі заробкамі і камфортнымі ўмовамі працы. Але гэтага ня робіцца. На адным з прадстаўленых слайдаў было напісанае пытаньне: «Рэгіён валодае прывабнасьцю?» І далей ішоў адказ буйнымі чырвонымі літарамі: «НЕ». Леанід нават пажартаваў з гэтай нагоды: «Купіць кватэру ў Віцебску сваім дзецям – гэта самае страшнае, што вы можаце зрабіць для іх».
У аснову дакладу кандыдата эканамічных навук Марыны Слонімскай «Асноўныя праблемы віцебскага бізнэсу ў агульнанацыянальным кантэксьце» ляглі вынікі апытаньня 21-го прадпрымальніка Віцебскай вобласьці. Рэспандэнтам прапаноўвалася адказаць на шэраг пытаньняў, якія тычыліся праблем вядзеньня і разьвіцьця бізнэсу.
Самая цікавая частка круглага стала пачалася ў канцы, калі чарга дайшла да выступаў і абмену думкамі мясцовых бізнэсоўцаў.
«Усё быццам бы ёсьць. Усе выдатна. Ёсьць асацыяцыя ў Віцебску, 150 сябраў у асацыяцыі. Ёсьць рады – абласная, гарадзкая, раённыя. Усё гэта як бы ёсьць – лічыцца. Усе выдатна. Бізнэсу толькі няма. Разьвіцьця няма», – сказаў адзін з прысутных на сустрэчы прадстаўнікоў асацыяцыі.
Іншы сябра асацыяцыі стаў скардзіцца, на тое, што мясцовыя ўлады не цікавяцца праблемамі бізнэсу і хадзіць да іх на прыёмы няма ніякага сэнсу. На яго думку, склалася закрытая карпаратыўная ўладная тусоўка, якая існуе паводле вядомых толькі ім правілаў і нікога туды блізка не падпускае:
«Улада – гэта закрыты клюб багоў. Або паўбагоў. Туды выпадковы чалавек не трапляе. Гэта каманда, дзе прынцыпы кіраваньня склаліся шмат дзесяцігодзьдзяў таму. Прыходзіць адзін чалавек, ну два. Але сыстэма не мяняецца. Калі чалавек прыходзіць, значыць яго запрасілі. А калі яго запрасілі, то ён павінен выконваць тыя правілы, якія вызначаныя. Мы гэтых правілаў не чыталі. Мы іх ня ведаем. Гэта закрыты клюб. Таму дыялёг з уладай не атрымліваецца. І ён не атрымаецца. Можна галавой біцца аб гэтую сьценку ўсё жыцьцё», – абураўся ён. А затым распавёў гісторыю сваіх паходаў да чыноўнікаў, зь якой вынікае, што мясцовая ўлада нават ня ў курсе, якія віды бізнэсу прадстаўленыя ў горадзе.
Плянаваўся яшчэ агульны мазгавы штурм «10 перавагаў і 10 хібаў Віцебскай вобласьці для падваеньня рэгіянальнага ВУП», але да яго справа так і не дайшла. Не хапіла часу. Відаць, яшчэ ня хутка адбудзецца падваеньне валавога прадукту вобласьці. Як бы і гэты не разгубіць. А многія узьнятыя на сустрэчы пытаньні так і засталіся без адказаў, бо тыя, каму яны адрасаваліся (прадстаўнікі мясцовых органаў улады), на імпрэзе заўважаныя не былі.
https://vitebskspring.org/news/dzjarzhava/item/2932-vitsebskiya-biznesoutsy-abmerkavali-svae-prablemy-na-kruglym-stale#sigProId83155c4694
Уладзімер Бяляўскі