Па двое-трое «камуфляжных людзей» сталі хадзіць разам з патрульнымі міліцыянтамі. Як высьветлілася, гэта менскі АМАП, які прыехаў у Воршу для так званай «адпрацоўкі гораду». Гэта звычайная зьява для беларускіх гарадоў, калі дзеля ўзмацненьня мясцовай міліцыі прыяжджаюць дадатковыя сілы. Але звычайна гэткае ўзмацненьне прыяжджае ў гарады ня больш як на тыдзень. У Воршы ж «камуфляжныя» затрымаліся.
Афіцыйных паведамленьняў пра «адпрацоўку гораду» не зьяўлялася, таму і не зразумела, колькі ж гэтая адпрацоўка працягнецца. Паводле інфармацыі журналістаў, што паступіла з надзейных крыніцаў, АМАПаўцы будуць патруляваць горад да канца году. Разам зь імі горад будуць адпрацоўваць спэцыяльныя службы кшталту «Стралы».
Здавалася б, узмацненьне мясцовай міліцыі мусіла б прынесьці карысьць жыхарам гораду: больш міліцыі – больш бясьпечна. Але насамрэч прыезд «камуфляжных» выклікае немалое раздражненьне сярод месьцічаў. На згаданы сайт прыходзілі паведамленьні пра неабгрунтаваныя, як здаецца людзям, затрыманьні. Найперш гэта тычыцца тых, хто ўжываў быў алькаголь у горадзе, а потым спрабаваў даехаць дадому. Людзей пасьля кафэ і гасьцяваньняў затрымлівалі на прыпынках і нават ля саміх кафэ.
Адзіная «карысьць» ад усяго гэтага ў тым, што больш затрыманых – больш штрафаў і павелічэньне даходнай часткі бюджэту раёну.