Аўторак, 21 Жнівень 2018

Толькі чатыры з 23-х сайтаў выканкамаў на Віцебшчыне маюць беларускамоўныя вэрсіі

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)
Скрын "шапкі" сайту Верхнядзьвінскага райвыканкаму Скрын "шапкі" сайту Верхнядзьвінскага райвыканкаму

Толькі чатыры з 23-х афіцыйных сайтаў райвыканкамаў на Віцебшчыне маюць беларускамоўную вэрсію. Атрымаць інфармацыю па-беларуску можна на сайтах Віцебскага, Полацкага, Глыбоцкага і Лёзьненскага райвыканкамаў. На ўсіх астатніх яна падаецца толькі на расейскай і ангельскай мовах. Распрацоўшчык гэтых рэсурсаў – кампанія БелТА.

Мае вэрсію ў беларускай мове і сайт Віцебскага аблвыканкаму, але яе цяжка назваць паўнавартаснай і актуальнай, бо стужка навінаў перакладаецца на беларускую выбарачна і толькі зрэдчас.

Гэтак, на слайдэры беларускамоўнай вэрсіі дагэтуль (21 жніўня) паказваюць паведамленьне БелТА ад 13 сакавіка – пра пэрспэктывы стварэньня ў Аршанскім раёне індыйскага інвэстклястара.

Скрын з сайту Віцебскага аблвыканкаму

Большасьць спасылак па-беларуску на сайце аблвыканкаму вядзе на расейскамоўныя разьдзелы, як, прыкладам, “Звароты грамадзян і юрыдычных асобаў”, “Пытаньне-адказ” і г.д.

Бадай самым функцыянальна зручным для беларускамоўных чытачоў зьяўляецца сайт Полацкага райвыканкаму. Мае аж чатыры моўныя вэрсіі: апроч беларускай, расейскай і ангельскай – яшчэ і па-нямецку. Прычым стужка навінаў па-беларуску своечасова абнаўляецца, спасылкі па адміністрацыйным працэдурам вядуць на старонкі з інфармацыяй па-беларуску.

Скрын галоўнай старонкі на сайце Полацкага райвыканкаму

Паведамляецца, што сайт быў распрацаваны Полацкім дзяржаўным унівэрсытэтам (2013).

Паўнавартасную беларускамоўную вэрсію мае таксама афіцыйны сайт Віцебскага райвыканкаму. Паводле інфармацыі, разьмешчанай у “склепе” сайту, ён быў створаны прыватнай дызайн-студыяй “РэдКод”.

Астатнія сайты райвыканкамаў Віцебскай вобласьці былі распрацаваныя БелТА і, акрамя рэсурсаў Глыбоцкага і Лёзьненскага выканкамаў, ня маюць беларускамоўных вэрсіяў – толькі расейска- і англамоўныя варыянты.

На жаль, адсутнічае інфармацыя па-беларуску і на сайтах, якія прадстаўляюць дзяржаўную выканаўчую ўладу ў заходніх рэгіёнах краіны – Браслаўскім, Пастаўскім, Мёрскім раёнах. Пазбаўленыя права атрымліваць афіцыйную інфармацыю на роднай мове таксама жыхары Лепельшчыны, Вушаччыны і г.д. Ня мае беларускамоўнай вэрсіі сайт Віцебскага гарвыканкаму. 

Зьміцер Міраш