Як расказалі крыніцы ў сілавых структурах, у свой час Сяргей Трафімаў самастойна паведаміў спэцслужбам, што разглядае магчымасьць выезду ва Ўкраіну дзеля аказаньня дапамогі «апалчэнцам» і прапанаваў садзейнічаньне ў атрыманьні карыснай інфармацыі. Ад гэтай прапановы прадстаўнікі ўлады адмовіліся, папярэдзіўшы, што ў выпадку паўторнага выезду ва Ўкраіну супраць яго будзе распачатая крымінальная справа.
Пазьней стала вядома, што ён усё ж паехаў на Данбас. Паводле інфармацыі сілавых структураў, Трафімаў у «ЛНР» меў вайсковую спэцыяльнасьць мэханік-вадзіцель (рамантаваў танкі Т-64), а таксама сыстэматычна нёс вартавую службу аховы вайсковых абʼектаў. Дакумэнтальных матэрыялаў, што пацьвярджаюць атрыманьне ім матэрыяльнай узнагароды за ўдзел у баявых дзеяньнях, няма. Фотаздымкі Трафімава, выкладзеныя ў сеціве, зробленыя на фоне складоў з пашкоджанай або сьпісанай зброяй, якая не зьяўляецца баявой.
Праваахоўныя органы не знайшлі падстаў для прыцягненьня Трафімава да крымінальнай адказнасьці, але ў 2016 годзе зь ім была праведзеная прафіляктычная размова з вынясеньнем афіцыйнага папярэджаньня ў сувязі зь ягоным удзелам ва ўзброеным канфлікце.
Пасьля публікацыі матэрыялу «Як былы актывіст “Зубра” і былы сябра АГП стаў баявіком “ЛНР”, а потым прапанаваў свае паслугі КДБ» Трафімаў быў дапытаны сьледчымі органамі, дзе заявіў, што даў Радыё Свабода лжывыя зьвесткі наконт удзелу ў баявых дзеяньнях і супрацоўніцтва з органамі дзяржбясьпекі «дзеля наданьня сабе значнасьці». Пры гэтым экс-байцу «ЛНР» была прызначаная судова-псыхіятрычная экспэртыза.
Паводле інфармацыі УЗ «Віцебскі абласны клінічны цэнтар псыхіятрыі і наркалёгіі», Трафімаў яшчэ з 1993 году назіраецца ў гэтым цэнтры з дыягназам «дэмэнцыя» (набытая разумовая адсталасьць), а з 2005 па 2011 год назіраўся ў нарколяга ў сувязі са шкоднымі наступствамі ўжываньня наркатычных рэчываў.
Паводле беларускага заканадаўства, удзел грамадзяніна Рэспублікі Беларусь ва ўзброеным фармаваньні аднаго з супрацьлеглых бакоў на тэрыторыі замежнай дзяржавы, а таксама ўдзел ва ўзброеным канфлікце, ваенных дзеяньнях без упаўнаважаньня дзяржавы, караюцца абмежаваньнем волі на тэрмін да пяці гадоў або пазбаўленьнем волі на тэрмін ад двух да пяці гадоў.