Антаніна Піванос накіравала пазоў у суд Чыгуначнага раёну Віцебску з патрабаваньнем выканаць рашэньне Камітэту па правох чалавека. У прыватнасьці, яна просіць спагнаць з адказчыка грашовую кампэнсацыю канфіскаванага ў яе габэлена, а таксама вярнуць суму сплачанага ёю штрафу, які быў прызначаны незаконна. Адказчыкам зьяўляецца галоўнае ўпраўленьне Міністэрства фінансаў Рэспублікі Беларусь па Віцебскай вобласьці.
Паводле слоў спадарыні Антаніны, габэлен са словамі малітвы «Ойча наш» яна ўласнаручна вышывала ледзьве ня год. На Дзень Волі 2008 году меркавала падарыць яго вядомаму апазыцыянэру Барысу Хамайду. Але падчас уручэньня падарунку ля «Сіняга дому» ў цэнтры Віцебску была схопленая міліцыянтамі. Падарунак канфіскавалі, на кабету склалі пратакол, пазьней судзілі і далі штраф нібыта за ўдзел у несанкцыянаваным пікеце…
Згодна з рашэньнем КПЧ ААН, супрацоўнікі праваахоўных ворганаў і суд тады парушылі правы актывісткі, гарантаваныя Міжнародным пактам аб грамадзянскіх і палітычных правох. Цяпер улады, згодна з рашэньнем, мусяць вярнуць актывістцы канфіскаваную ў яе маёмасьць, пакрыць панесеныя ёй выдаткі і выплаціць кампэнсацыю.
На жаль, ужо сталася звычайнай практыкай, што ўлады Беларусі папросту не зважаюць на меркаваньні КПЧ ААН і не выконваюць патрабаваньняў, накладзеных на іх у адпаведнасьці з рашэньнямі камітэту. Антаніна Піванос, бадай, першая на Віцебшчыне, хто спрабуе дамагчыся выкананьня гэткага рашэньня праз суд.