У прыватнасьці, Леанід Сьвецік прасіў унесьці ў Выбарчы кодэкс азначэньне дзяржаўна-прававога статусу выбарчых камісіяў. У дзеючай цяпер рэдакцыі кодэксу такога азначэньня няма. Праваабаронца сьцьвярджае, што з-за гэтага парушаюцца правы і законныя інтарэсы грамадзян. Напрыклад, калі кіраўнік выбарчай камісіі не выконвае закон аб зваротах грамадзян і юрыдычных асоб, яго нельга прыцягнуць да адказнасьці, бо суды не прызнаюць за камісіямі нейкага юрыдычнага статусу: яны, маўляў, не зьяўляюцца арганізацыямі, а таму дзеяньне названага закону на іх не распаўсюджваецца.
«Дэпутаты – сябры пастаяннай камісіі, зьяўляючыся пасьлядоўнымі прыхільнікамі забесьпячэньня адкрытасьці і публічнасьці выбарчых дзеяньняў і працэдур, падзяляюць Ваша імкненьне да ўдасканаленьня выбарчага заканадаўства Рэспублікі Беларусь… Узьнятая ў вашым звароце праблема будзе ўзятая пад увагу дэпутатамі – сябрамі пастаяннай камісіі пры ўнясеньні ў Палату прадстаўнікоў законапраекту, які прадугледжвае карэктаваньне Выбарчага кодэксу Рэспублікі Беларусь», – паабяцаў старшыня камісіі Палаты прадстаўнікоў віцебскаму праваабаронцу.
Нагадаем, раней Леанід Сьвецік зьвяртаўся з аналягічнай прапановай у Цэнтральную выбарчую камісію, якая разам з Саўмінам і Нацыянальным цэнтрам заканадаўства і прававых дасьледаваньняў Рэспублікі Беларусь адказвае за падрыхтоўку законапраекту аб унясеньні зьменаў у выбарчы кодэкс. Аднак, у адрозьненьне ад парлямэнту, там прапанову, фактычна, праігнаравалі: старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына паведаміла праваабаронцу, што ягоны зварот пакінуты без разгляду па сутнасьці.