Пятніца, 04 Кастрычнік 2013

Віцебскі абласны суд ігнаруе ўказ прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь?

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

Згодна з указам кіраўніка Беларусі «Аб мерах па ўдасканаленьні выкарыстаньня нацыянальнага сэгмэнту сеціва Інтэрнэт», «дзяржаўныя органы і арганізацыі забясьпечваюць стварэньне, функцыянаваньне і сыстэматычнае абнаўленьне інтэрнэт-сайтаў з выкарыстаньнем інфармацыйных сетак, сыстэм і рэсурсаў нацыянальнага сэгмэнту сеціва Інтэрнэт, разьмешчаных на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь». Аднак, здаецца, віцебскаму абласному суду ўказ прэзыдэнта – ня ўказ. Яго сайт фізычна размешчаны не ў Беларусі, а ў Эстоніі…

Сайт Віцебскага абласнога суду, спасылку на які падае афіцыйны сайт Віцебскага гарадзкога выканаўчага камітэту, такі: www.vitoblsud.by. Няцяжка высьветліць IP-адрас сэрвэру, дзе галоўны судовы орган Віцебскай вобласьці разьмясьціў свой рэсурс – 159.253.21.202; і, згодна з адкрытымі крыніцамі інфармацыі, гэты сэрвэр знаходзіцца не «на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь», як таго патрабуе ўказ Лукашэнкі, а за мяжою – у Эстоніі.

На тым самым сэрвэры ў Эстоніі зьмяшчаецца некалькі дзясяткаў іншых сайтаў, датычных культуры, бізнэсу і, вельмі шмат, турызму. Цікава, што сярод сайтаў, што суседнічаюць на адным сэрвэры з пляцоўкай Віцебскага абласнога суду, нямала і зарэгістраваных у Беларусі з даменным імем .by.

Зрэшты, сайт Віцебскага абласнога суду, спасылку на які ў якасьці гэтакага зьмяшчае гарвыканкам, паводле сваёй формы і зьместу больш нагадвае не афіцыйны рэсурс дзяржаўнага органа, а нейкі аматарскі блог. На ім адсутнічае якая-небудзь інфармацыя пра працу суду. Затое ў стужцы навін ёсьць матэрыял ад 23 чэрвеня 2013 г. пра справу Андрэя Гайдукова, якога ў той час у Віцебскім аблсудзе судзілі. У гэтым матэрыяле ў якасьці крыніцы інфармацыі пазначаная лідэрка апазыцыі Тацьцяна Севярынец, і, больш таго, сам падсудны называецца «палітзьняволеным» – вельмі адважнае прызнаньне для дзяржаўнага органу судовай улады!

Можна дапусьціць, што віной усяму – нейкія падкопы апазыцыйна настроеных вэбмайстроў сайту гарвыканкаму, якія замест спасылкі на сапраўдны сайт Віцебскага абласнога суду знарок разьмясьцілі спасылку на «левы» рэсурс, невядомыя аўтары якога немаведама як змаглі зарэгістраваць дамэн .by у беларускім нацыянальным сэгмэнце. Але тады ўзьнікае пытаньне: А дзе ж тады іншы, «праўдзівы», сайт Віцебскага абласнога суду? Ці існуе ён у прыродзе?