Панядзелак, 16 Снежань 2013

Даўгабуды на Віцебшчыне так і засталіся даўгабудамі

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

Будаўнікам Віцебскай вобласьці не ўдалося вытрымаць скарэктаваны графік уводу даўгабудаў ў эксплёатацыю. Як паведамілі ў Камітэце дзяржкантролю Віцебскай вобласьці, 34 жылыя дамы, будаўніцтва якіх моцна зацягнулася, павінны былі прыняць навасёлаў да канца году. Аднак упісацца ў гэты графік не ўдалося.

У сувязі з гэтым Віцебскім аблвыканкамам, зыходзячы з рэальнай будаўнічай гатоўнасьці дамоў-даўгабудаў, графік быў ізноў скарэктаваны. Увод 13 дамоў быў перанесены на больш позьні тэрмін, а яшчэ 4 дамы будаўнікі абавязаліся здаць толькі ў сакавіку-чэрвені 2014 году.

Але жыцьцё ў чарговы раз паказала ілюзорнасьць папяровых плянаў. Рэальна да 1 сьнежня 2013 году з гэтага сьпісу здадзена ў эксплёатацыю толькі 23 дамы. Больш таго, у кастрычніку-лістападзе ў шэраг даўгабудаў перайшлі яшчэ 4 дамы. Зь іх два дамы ўведзеныя ў эксплёатацыю зь невялікім адставаньнем ад графіку, увод аднаго дому заплянаваны на сьнежань, а тэрмін уводу яшчэ аднаго прадугледжаны ў чэрвені 2014 году. Апроч таго, рызыкуюць трапіць у пералік праблемных яшчэ шэсьць дамоў, якія ўзводзяцца ў Віцебску, Гарадку, Навалукомлі і Паставах.

Наконт некаторых зь іх дагэтуль ня вырашаныя пытаньні камплектаваньня калектыву забудоўшчыкаў. Гэтая акалічнасьць, як сьцьвярджаюць заказчыкі, і зьяўляецца асноўнай прычынай невыкананьня забавязаньняў. Камплектаваньне дамоў ідзе складана ў сувязі з ростам адсоткаў па крэдытах і, як вынік, - несвоечасовасьцю адкрыцьця крэдытных лініяў грамадзянамі і недастатковасьцю фінансаваньня будаўніцтва дамоў.

Падчас работы працоўнай групы па праблемных пытаньнях у будаўнічай галіне адзначаліся таксама факты неналежнай працы падрадных арганізацыяў, што вымагала прыняцьця тэрміновых мер з боку Камітэту дзяржкантролю Віцебскай вобласьці і мясцовых органаў улады. Дадатковыя захады па выпраўленьні такіх сытуацыяў рабіліся адразу: павялічвалася колькасьць працоўных, працягласьць зьмен, вырашаліся пытаньні з забесьпячэньнем аб’ектаў матэрыяламі і інш. Гэтак, з кастрычніку 2013 году працы на будаўніцтве 40-кватэрнага жылога дому па вул. Чкалава, 16 у Віцебску, нарматыўны тэрмін будаўніцтва якога мінаў ў красавіку 2013 году, арганізаваныя ў трохзьменным рэжыме, дадаткова прыцягнутая магутная субпадрадная арганізацыя. У выніку чаго не выключаецца магчымасьць уводу дому ўжо ў сьнежні.

Цяпер у напружаным рэжыме вядзецца праца на 8 аб’ектах, увод якіх павінен быць забясьпечаны ў сьнежні бягучага году. Аднак ня толькі тэрміны ўводу дамоў зьяўляюцца прыярытэтнымі, але і якасьць будаўніцтва фарсыяваных аб’ектаў, для чаго Камітэтам дзяржкантролю Віцебскай вобласьці сумесна з інспэкцыяй Дэпартамэнту па кантролі і наглядзе за будаўніцтвам па Віцебскай вобласьці будзе дадзеная ацэнка выкананым працам і магчымасьці прыёмкі аб’ектаў у эксплёатацыю.

За невыкананьне ўзятых забавязаньняў да дысцыплінарнай адказнасьці прыцягнутыя ўжо 3 кіраўнікі арганізацыяў-забудоўшчыкаў, якія ажыцьцяўляюць будаўніцтва жылых дамоў з прыцягненьнем сродкаў насельніцтва і якія не забясьпечылі іх своечасовы ўвод. Адзін з кіраўнікоў вызвалены ад займанай пасады. Таксама да адказнасьці прыцягнутыя 4 намесьнікі старшыняў гаррайвыканкамаў, якія курыруюць пытаньні жыльлёвага будаўніцтва.

Крыніца: Ежедневник