Як кажа намеснік начальніка аддзела аховы правапарадку і прафілактыкі Пастаўскага РАУС Яўген Малікаў сайту мясцовай раённай газеты, яны сочаць за тым, каб грамадзяне не распівалі на берагах вадаёмаў спіртныя напоі, не купаліся ў нецвярозым стане, не выпускалі з полю зроку дзяцей, не пакідалі без нагляду мабільныя тэлефоны, сумачкі, іншыя асабістыя рэчы, а таксама ровары. І хоць пакуль наведвальнікаў на вадаёмах няшмат, яны ўжо паспелі скласці два адміністрацыйныя пратаколы па артыкуле 19.3 КаАП за знаходжанне на пляжы ў стане алкагольнага ап’янення. Па словах міліцыянта, затрыманым асобам вынесеныя папярэджанні.
Паводле Яўгена Малікава, пляжы возера Задзеўскага і ракі Мядзелкі сёлета абсталявалі сістэмамі відэаназірання з вывадам на пульт аператыўна-дзяжурнай службы РАУС. А на пляжах азёр Дубок і Белае з’явіліся фотапасткі.
Таксама на берагах пералічаных вадаёмаў устаноўленыя стэнды з нумарамі тэлефонаў пастаўскага РАУС і іншых экстраных службаў. Як кажа міліцыянт, па іх ужо зараз грамадзяне могуць паведамляць пра ўчыненыя злачынствы або здарэнні.
Намеснік начальніка аддзела аховы правапарадку і прафілактыкі Пастаўскага РАУС зазначыў і тое, што яны кантралююць не толькі дазволеныя для купання месцы, але і тыя, дзе купацца забаронена.
Напрыканцы ён нагадаў, што за купанне ў нецвярозым стане згодна з артыкулам 24.42 КаАП Беларусі прадугледжаны штраф ад 1 да 3 базавых велічыняў. А за распіццё спіртных напояў у грамадскіх месцах (артыкул 19.3 КаАП) - да 8 базавых велічыняў.
Ларыса Палявая