Пяціхвілінны сюжэт прысвечаны старой тэме «грантаў, якія атрымлівае апазіцыя». Гэта падаецца як адмоўная з'ява, хаця замежныя гранты дзесяцігоддзямі атрымліваюць і дзяржаўныя структуры. Леаніда Гаравога ў «Панараме» выставілі як аматара "зялёных паперак", які на замежныя сродкі займаўся выдавецтвам незалежнай рэгіянальнай прэсы. Прычым сам спадар Гаравы, адказваючы на пытанні сілавікоў пра сваю датычнасць да выдавецкай дзейнасці і знаёмствы з прадстаўнікамі замежных арганізацый, вельмі годна тлумачыць сваю пазіцыю – што падобныя арганізацыі працуюць з людзьмі па ўсім свеце, і што навучальныя семінары, на якія ён быў запрошаны, прысвячаліся праблемам мясцовага самакіравання, а не «падрыўной дзейнасці», у якой яго вінавацяць.
Паколькі ніякай сенсацыі выціснуць з аповедаў актывіста не атрымалася, журналістка Марына Раманоўская дадае ад сябе пра тое, што шматтысячныя гранты ад амерыканскіх фондаў спадар Гаравы атрымліваў «за любоў да замежжа», а грошы атрымліваў у Польшчы. А далей разважае пра прадажнасць апазіцыі, хаця актывіст адкрыта гаворыць падчас допыту: «Я не па грошы ў гэта палез, а дзеля таго, каб у Беларусі паўстала дэмакратыя».
Што да выданняў, пра якія распавядае журналістка дзяржаўнага тэлебачання, то ў відэасюжэце фігуруе інтэрнэт-старонка гарадоцкага выдання «Гасцінец» і неназваныя інтэрнэт-сайты, якія функцыянуюць дзякуючы «знешняй падтрымцы». Сказаць пра іх спадарыні Раманоўскай, уласна, няма чаго, бо «артыкулы там у асноўным пра прыроду і надвор'е, на гістарычную тэматыку», але «не-не, дый праскочыць патрэбная замежным гаспадарам тэма» – дэструктыў, каб ачарніць светлую і паспяховую беларускую рэчаіснасць.
Яшчэ адна асоба, якая згадваецца ў відэасюжэце, – гэта журналіст Яраслаў Іванюк, якога аўтарка аповеду называй «звяном па распіле валюты», і падкрэслівае, што ён «этнічны паляк», і што справаздачы Леаніда Гаравога ён адпраўляў кудысьці, дзе «прасочваецца след польскіх спецслужб», якія імкнуцца «раскачаць Беларусь».
У сюжэце з «Панарамы» фігуруе дакумент, дзе гаворыцца пра суму 56 з лішнім тысяч даляраў, выдаткаваных на развіццё рэгіянальных сайтаў і газет. Марына Раманоўская робіць высновы – маўляў, калі такія сумы атрымлівае чалавек у райцэнтры, то маштабы падтрымкі апазіцыйнай дзейнасці ў абласных гарадах, а тым больш у Мінску, куды большыя. Зрэшты, гэта ўсяго толькі прыватныя меркаванні аўтаркі відэасюжэту, якая не шкадуе здзеклівых выразаў і інтанацый, распавядаючы пра Леаніда Гаравога. А напрыканцы яшчэ й запалохвае суайчыннікаў, што дадзеныя ўсіх актывістаў вядомыя сілавым структурам, і калі да кагосьці яшчэ не прыйшлі, то «усяму свой час».
Лявон Каляда