Каб высьветліць сытуацыю, мы патэлефанавалі намесьніку дырэктара па вучэбнай частцы Натальлі Ярынскай. Натальля Юр’еўна сказала, што дзяцей ніхто да гэтага не змушаў, яны добраахвотна перайшлі на расейскую мову:
– Гэта было абсалютна ня так. Адзін чалавек выбраў (экзамен па мове – аўт.) у адной клясе і два чалавекі ў іншай класе. Але паколькі экзамэны ў адзін і той жа дзень супадаюць з выпускным вечарам, то мы проста запрасілі іх і сказалі ім: “Вы маеце права, гэта ваш выбар, мы вас не прымушаем, але самі падумайце і скажыце сваё рашэньне, зможаце вы перайсьці на расейскую мову, гэта не супярэчыць вашым пажаданьням? Калі вы згаджаецеся, то напішыце, калі ласка, заяву, і мы будзем пераробліваць расклад”. Яны прынесьлі заявы, ніхто іх не змушаў, бо ім самім так лепш, каб у іх былі дні на падрыхтоўку.
Наогул, гэтую сытуацыю Натальля Ярынская назвала падставай. Яна прапанавала нават апытаць вучняў і бацькоў – маўляў, ніхто нікога не змушаў.
Вядома, завучу можна паверыць, але ёсьць некалькі “але”. Чамусьці ў такіх сытуацыях амаль заўсёды крайняй апынаецца беларуская мова. Ну і тое, як у нас усё робіцца добраахвотна, тлумачыць нікому ня трэба. У нас “па просьбе працоўных” і цэны павышаюць, і пэнсійны ўзрост, і суботнікі добраахвотныя праводзяць.
Зьміцер Лупач, Весткі