Чацвер, 15 Верасень 2016

Адукацыйны курс у Віцебску: дэінстытуалізацыя і абарона правоў людзей з інваліднасьцю

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

Навучыць або ўдасканаліць неабходныя веды і навыкі ў сфэры кіраваньня сацыяльнымі праектамі – такая была місія трэнінгу, які прайшоў у Віцебску. Яго арганізатарам выступіла праваабарончая арганізацыя «Офіс па правох людзей з інваліднасьцю» ў партнэрстве зь летувіскай арганізацыяй «Пэрспэктывы псыхічнага здароўя".

Сярод удзельнікаў прысутнічалі прадстаўнікі грамадзкіх арганізацыяў і аб'яднаньняў – МГА рэабілітацыі падлеткаў, інвалідаў і пажылых людзей «Алмаз», ГА «РАІК», Віцебскае гарадзкое аддзяленьне БГА «Пазытыўны рух» і інш., прадстаўнікі раённых тэрытарыяльных цэнтраў сацыяльнага абслугоўваньня насельніцтва, гарадзкога цэнтру карэкцыйнага разьвіваючага навучаньня і рэабілітацыі і прадстаўнікі ўнівэрсытэту імя Машэрава.

За два дні правядзеньня мерапрыемства трэнэр ад арганізацыі «Пэрспэктывы псыхічнага здароўя» Віргінія Клімукенэ распавяла, як трэба пісаць праекты, каб зацікавіць донара, чаму мэту трэба падзяляць на этапы, і якой павінна быць каманда праекту. Акрамя таго, удзельнікі даведаліся пра магчымыя крыніцы фінансаваньня для няўрадавых арганізацыяў, атрымалі практычныя рэкамэндацыі па пошуку патэнцыйных партнэраў, а таксама на практыцы навучыліся складаць бюджэт праекту і яго лягічную матрыцу.

Важна адзначыць, што трэнінг – толькі пачатак адукацыйнага курсу, які ставіць на мэце павысіць экспэртны і арганізацыйны патэнцыял беларускіх арганізацыяў і ініцыятыўных груп, якія дзейнічаюць на карысьць дэінстытуалізацыі і абараняюць правы людзей з інваліднасьцю.

– Гэты семінар – толькі невялікая частка вялікага комплексу мерапрыемстваў, які мы рэалізуем для таго, каб тое, што апісвае сам працэс дэінстытуалізацыі, хутчэй і больш эфектыўна запусьцілася ў Беларусі, – распавядае кіраўнік «Офіса па правох людзей з інваліднасьцю» Сяргей Драздоўскі. – Што тут маецца на ўвазе? Традыцыйная форма сацыяльнага абслугоўваньня, якая нам дасталася ад СССР, – устаноўная, то бок калі і пры цяжкіх, і пры вельмі цяжкіх формах інваліднасьці догляд чалавека ажыцьцяўляецца ва ўмовах спэцустановаў – iнтэрнатах, спэцыяльных дамох і г.д.

Зь іншага боку самі празь сябе інтэрнаты са сваёй унутранай атмасфэрай спараджаюць, скажам так, жудасную зьяву і падтрымліваюць сэгрэгацыю, а гэта ўшчамленьне, аддаленьне чалавека. І гэта наўпрост супярэчыць Канвэнцыі аб правох інвалідаў, якая ў 2006 годзе была зацьверджаная, і якую наша краіна падпісала летась.

– Доўгі час людзі спрабавалі зразумець, што такое інваліднасьць і як зь ёй быць, – працягвае спадар Драздоўскі. – Меркавалі, што гэта хвароба, спрабавалі лячыць – не вылечваецца. Потым зразумелі, што гэта яшчэ і навакольныя бар'еры, пачалі змагацца зь імі. Але мала перамагчы бар'еры, нават самыя простыя, трэба зразумець, у чым сутнасьць інваліднасьці. І, уласна, сёньня самае прагрэсіўнае разуменьне – гэта разуменьне таго, што інваліднасьць – гэта такі фэномэн, які перашкаджае чалавеку карыстацца правамі чалавека на роўных.

Кіраўнік офіса растлумачыў, што калі чалавек прыходзіць да дзяржавы і кажа, што мае патрэбу ў афармленьні статусу інваліднасьці, гэта значыць, што ўжо і ён, і яго сям'я не даюць рады ўсім нягодам. Значыць, яму патрэбная грамадзкая падтрымка. А якой яна павінна быць?

– Дэінстытуалізацыя кажа, што павінна быць тры важныя крытэры пры арганізацыі ўсяго працэсу дапамогі і падтрымкі, то бок мы як грамадзтва так ці інакш пагадзіліся дапамагаць гэтым людзям. А цяпер падумайма, як мы гэта будзем рабіць так, каб гэта не наносіла ніякай пабочнай шкоды. Бо ёсьць такое паняцьце, як самастойны лад жыцьця, то бок магчымасьць чалавека пры ўсіх ступенях падтрымкі быць усё-ткі здольным самому прымаць рашэньні, што да выбару свайго жыцьця, а менавіта «што», «як», «навошта» і «чаму». І мы ня можам яму ставіць умовы, што пры ўсёй сацыяльнай дапамозе ён павінен пераехаць у інтэрнат. Чалавек мусіць мець выбар. У чым палягае ён тут? На мясцовым узроўні павінны выбудоўвацца паслугі дапамогі, сэрвісу такім чынам, каб, па-першае, кампэнсаваць абмежаваньне яго жыцьцядзейнасьці, а па-другое, каб у яго не ўзьнікала патрэбы кудысьці выяжджаць. І трэцяе – гэта ўлучэньне (крытэр, які ў прынцыпе ацэньваецца з таго, наколькі кожнае з правоў чалавека выканальнае для яго).

У Беларусі ў цяперашні час 81 інтэрнат, зь якіх больш за палову – псыханэўралягічныя. У цэлым у іх пражывае каля 19 тысяч чалавек – гэта вельмі шмат. І хочам мы таго ці не, але інтэрнаты ствараюць новую адміністрацыйную рэальнасьць, дзе свае правілы і падыходы. Там чалавек фактычна губляе частку сваёй свабоды дзеля таго, каб яго даглядалі. У чым гэта выяўляецца: ён пражывае з тым, з кім даводзіцца; ён абавязаны прытрымлівацца распарадку і графіку, то бок пад’ём, сьняданак, абед і г.д .; ну і іншыя чыньнікі. Я ўжо не кажу пра грубыя парушэньні. Напрыклад, у некаторых інтэрнатах апошнім часам не было замкоў на дзьвярох. То бок нібыта ты жывёш, і тваё прыватнае жыцьцё – гэта тваё прыватнае жыцьцё, але там ня ставілі замкоў папросту таму, што адміністрацыя хацела ў кожны момант хадзіць туды-сюды. З пункту гледжаньня зручнасьці адміністрацыі – так, але з пункту гледжаньня таго, што гэта такі самы чалавек – не.

У нашай краіне падобных сытуацыяў, калі зь меркаваньнем інваліда ня лічацца, а дбаюць найперш пра свой дабрабыт, на жаль, нямала. І найсумнейшае тут, напэўна, тое, што часта так паводзяцца сваякі таго, хто празь нейкія абмежаваньні сваіх магчымасьцяў папросту ня можа нічога зрабіць, ня можа супрацьстаяць. І тут ужо адказнасьць кладзецца на нас, бо часьцяком мы не разумеем ці папросту ня хочам разумець і прымаць, што кожны чалавек мае права выбару.

І правядзеньне такіх сэмінараў важнае і патрэбнае таму, што тут людзі разам і на роўных шукаюць адказы і вырашаюць, чым яны могуць дапамагчы, што яны могуць зрабіць дзеля таго, каб наша грамадзтва зрабіла крок да разьвіцьця, у гэтым кантэксьце – да дэінстытуалізацыі.

Залагініцца каб дадаць камэнтары