Нядзеля, 03 Лістапад 2013

Віцебскія актывісты Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ адзначылі Дзяды (відэа)

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

3 лістапада сябры КХП-БНФ наведалі вёску Пагосьцішча, што ў Лёзьненскім раёне. Яны паднавілі надпіс на помніку, усталяваным тут у гонар Ігната Будзіловіча і безыменных касінераў паўстаньня 1863 году пад кіраўніцтвам Кастуся Каліноўскага, і зрабілі прыборку прылеглай тэрыторыі. Пасьля адбыўся мітынг, падчас якога прагучалі словы ў падтрымку незалежнасьці Беларусі. Напрыканцы ўдзельнікі імпрэзы ўшанавалі памяць Ігната Будзіловіча і яго паплечнікаў, што загінулі за гэтую незалежнасьць 150 гадоў таму, хвілінай маўчаньня.

Вёска Пагосьцішча знакамітая тым, што недалёка ад яе ў красавіку 1863 году быў разьбіты паўстанцкі атрад Ігната Будзіловіча, які ўступіў у бой з войскамі Расейскай імпэрыі. Будзіловіч быў узяты ў палон, а праз 4 месяцы ваенным судом быў асуджаны да расстрэлу.

Памятны крыж у гонар барацьбітоў за незалежнасьць роднага краю быў усталяваны ў Пагосьцішчы ў 2006 годзе. Ён зьявіўся дзякуючы намаганьням настаўніцы гісторыі Алены Грачышнікавай і вучняў школы № 1 гораду Лёзна. На шыльдачцы, прымацаванай да помніку, высечаныя радкі з адзінага вядомага сёньня верша Кастуся Каліноўскага, напісанага ім у вязьніцы: «Бывай здаровы, мужыцкі народзе! Жыві ў шчасьці, жыві ў свабодзе!».