Пятніца, 15 Жнівень 2014

Савет Міністраў ня хоча зьвяртацца ў Канстытуцыйны суд

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

Некалькі дзясяткаў жыхароў Віцебску падпісаліся пад калектыўным лістом у Савет Міністраў з просьбай паспрыяць зьмене рашэньня Віцебскага гарвыканкаму №881 “Аб масавых мерапрыемствах у г. Віцебску” і ініцыяваць зварот у Канстытуцыйны суд для праверкі адпаведнасьці гэтага дакумэнту Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь. Абласны каардынатар руху “За свабоду” Хрыстафор Жаляпаў атрымаў адказ.

У адказе гаворыцца, што Прэзыдыюм Савету Міністраў прыняў рашэньне не накіроўваць просьбу аўтараў калектыўнага ліста ў Канстытуцыйны суд. Без усялякіх тлумачэньняў, - падкрэсьлівае Хрыстафор Жаляпаў. Актывіст таксама адзначае, што з Саўміну не адказалі на яшчэ адно пытаньне - пра тое, каб у межах сваёй кампэтэнцыі гэты орган самастойна ўнёс зьмены ў рашэньне Віцебскага гарвыканкаму, якое немагчыма выканаць:

“З часу прыняцьця рашэньня гарвыканкаму №881 у 2009 годзе грамадзкім актывістам не далі дазволу ні на адзін пікет, ні на адзін мітынг, ні на адзін сход. Бо мясцовыя ўлады патрабуюць, каб да заявак на акцыі ініцыятары прыкладалі дамовы на абслугоўваньне супрацоўнікамі міліцыі, ЖКГ, а таксама мэдыкамі. Гэтыя структуры ўхіляюцца ад заключэньня дамоваў любымі магчымымі шляхамі. З абласнога ўпраўленьня МУС, як правіла, нам адказваюць, што будуць кіравацца законам аб масавых акцыях, а не рашэньнем гарвыканкаму, які патрабуе папярэдняга заключэньня дамоваў”.

Юрыст Аляксей Гаўруцікаў, актывіст аргкамітэту па стварэньні партыі “Народная Грамада”, удакладняе: “Мы спадзяваліся, што Саўмін унясе карэктывы ў рашэньне гарвыканкаму хаця б дзеля таго, каб прывесьці яго ў адпаведнасьць са сваёй жа пастановай. Існуе адмысловая пастанова наконт узаемаадносін грамадзян з органамі міліцыі. І ў выпадку арганізацыі масавых акцыяў гэтая пастанова прадугледжвае такі мэханізм: грамадзянін зьвяртаецца да мясцовых уладаў з заяўкай на пікет ці мітынг, і ўжо ўлады зьвязваюцца зь міліцыяй, каб тыя заключылі дамову з арганізатарамі. А ў Віцебску гарвыканкам загадаў грамадзянам зьвяртацца асабіста.

Ухіліўшыся ад адказаў па сутнасьці, прадстаўнікі Савету Міністраў, здаецца, з уласнай ініцыятывы пераадрасавалі зварот віцебчукоў у Міністэрства юстыцыі. Адтуль Хрыстафору Жаляпаву таксама прыйшоў ліст.

У лісьце гаворыцца, што мясцовыя ўлады могуць самі вызначаць парадак звароту па дазволы на вулічныя акцыі. Адзінае што прыйшлося канстатаваць у Мін’юсьце - дык гэта тое, што ў розных рэгіёнах прадугледжаны ўладамі парадак адрозьніваецца. Паводле выніках вывучэньня гэтай праблемы А. Гаўруцікавым, каля паловы мясцовых адміністрацыяў патрабуюць папярэдніх дамоваў, у тым ліку і зь міліцыяй, а палова патрабуе дамовы на абслугоўваньне акцыяў ужо пасьля таго, як яны будуць папярэдне дазволеныя.

“У лісьце зь Мін’юсту гаворыцца толькі, што добра было б унесьці нейкія зьмены і больш дакладныя фармулёўкі ў закон аб масавых мерапрыемствах. Але нічога не сказана, ці будзе міністэрства ініцыяваць гэтыя зьмены”, - кажа Аляксей Гаўруцікаў.

Прадстаўнікі віцебскай грамадзкасьці ўпершыню зьвярнуліся ў Саўмін, каб адтуль распарадзіліся унесьці зьмены ў рашэньне гарвыканкаму. Ранейшыя спробы ініцыяваць гэты працэс былі беспасьпяховыя: з усіх інстанцыяў актывістам адказвалі, што рашэньне прайшло юрыдычную экспэртызу, зацьверджанае, а значыць прызнанае дасканалым.

Цяпер віцебскія актывісты абдумваюць магчымасьць зьвярнуцца наўпрост да Аляксандра Лукашэнкі, паколькі Прэзыдыюм Саўміну адмаўляецца рэагаваць на парушэньні сваіх жа пастаноў. Тым больш, што парушэньні зафіксаваныя па ўсёй краіне, і да кампаніі, распачатай актывістамі ў Віцебску, далучыліся прадстаўнікі рэгіёнаў і цэлыя грамадзкія структуры, напрыклад, партыя БНФ і рух “За свабоду”.

spring96.org