Нядзеля, 21 Верасень 2014

Мясцовыя ўлады Віцебску забаранілі пікеты ў падтрымку Ўкраіны

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

Сябры Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ Ян Дзяржаўцаў, Алег Емяльянаў і Пятро Сарапеня падавалі заяўкі на акцыі ў трох раёнах Віцебску. І з ўсіх трох раённых адміністрацыяў атрымалі адмовы. Паводле Яна Дзяржаўцава, мэтай меркаваных акцыяў было публічнае асуджэньне агрэсіі Расеі ў дачыненьні да незалежнай сувэрэннай Украіны.

Ян Дзяржаўцаў: “Пікеты мусілі прайсьці з 22 па 24 верасьня ў месцах, адмыслова вызначаных уладамі для правядзеньня масавых акцыяў. Нам адмовілі на падставе таго, што мы не заключылі дамоваў на абслугоўваньне акцыяў з ЖКГ, мэдыкамі цэнтральнай гарадзкой паліклінікі і міліцыяй. Гэтых дамоў ад нас патрабуюць у адпаведнасьці з рашэньнем Віцебскага гарвыканкаму. Аднак рашэньне гэтае невыканальнае – мэдыкі і міліцыя яшчэ ні разу не пагадзіліся заключыць з намі дамовы. Таму гэтым разам мы вырашылі да іх не зьвяртацца. Што да мясцовых адміністрацыяў, то чыноўнікі прадэманстравалі нам сваё ўласнае стаўленьне да падзеяў ва Ўкраіне – яны адмаўляюць нам у прадстаўленьні гэтай праблемы на шырокае грамадзкае абмеркаваньне”.

Ян Дзяржаўцаў кажа, што прадстаўнікі КХП БНФ гатовыя чарговы раз ініцыяваць кампанію за зьмены ў рашэньне гарвыканкаму №881 “Аб масавых мерапрыемствах у г. Віцебску”. Такіх ініцыятываў было ўжо некалькі, але яны былі беспасьпяховыя: з усіх інстанцый актывістам адказвалі, што рашэньне прайшло юрыдычную экспэртызу, зацьверджанае, а значыць прызнанае дасканалым.

spring96.org