Таксама падавалася заяўка на правядзеньне 10 сьнежня пікету з мэтай публічна адзначыць 66-годзьдзе прыняцьця Ўсеагульнай дэклярацыі правоў чалавека. І хоць месцам правядзеньня пікету была пазначаная адна з трох пляцовак у горадзе, адмыслова адведзеных мясцовымі ўладамі пад масавыя мерапрыемствы, намесьнік кіраўніка адміністрацыі Чыгуначнага раёну Віцебску Аляксандар Ільмовіч акцыю забараніў: маўляў, арганізатар пікету не далучыў да заяўкі дамоваў, прадугледжаных рашэньнем гарвыканкаму.
Леанід Сьвецік прапанаваў Віцебскаму гарвыканкаму і Віцебскаму савету дэпутатаў зладзіць круглы стол з удзелам прадстаўнікоў гарадзкіх органаў улады, праваабаронцаў, лідэраў грамадзкіх аб’яднаньняў і палітычных партыяў, а таксама журналістаў. У межах круглага стала прапанавалася абмеркаваць стан грамадзянскіх і палітычных правоў у Віцебску, а таксама праінфармаваць жыхароў гораду пра магчымасьці і спосабы абароны эканамічных, сацыяльных і культурных правоў.
«Паведамляем, што выканаўчым камітэтам не заплянаванае правядзеньне «круглага стала», прысьвечанага 66-годзьдзю прыняцьця Ўсеагульнай дэклярацыі правоў чалавека», – коратка адказаў на прапанову намесьнік старшыні гарвыканкаму Ўладзімер Шлома. А з гарадзкога савету дэпутатаў адказу праваабаронца так і не дачакаўся.
Не атрымаў ніякага адказу Леанід Сьвецік і з гарадзкой газэты «Віцьбічы», галоўнаму рэдактару якой ён прапанаваў падрыхтаваць публікацыі на тэму правоў чалавека, у тым ліку ўзяць інтэрвію з праваабаронцамі. Затое адказала дырэктарка тэлерадыёкампаніі «Віцебск» Алена Панцюхова, на імя якой дасылалася падобная прапанова. «Безумоўна, прапанаваная Вамі тэма цікавая, аднак на стварэньне тэлеперадачы, прысьвечанай 66-годзьдзю прыняцьця Ўсеагульнай дэклярацыі правоў чалавека, у РУПРТЦ «Тэлерадыёкампанія «Віцебск» выдаткаваньне грашовых сродкаў заплянаванае не было», – напісала яна.
«Праваабаронцы зьвяртаюцца да дзяржаўных органаў, арганізацыяў і СМІ з прапановамі сумесна прасоўваць у масы ідэі правоў чалавека, прававой дзяржавы, міжнародныя стандарты ў сфэры правоў чалавека, а тыя і «носам не вядуць». Некаторыя нават фармальна не адказваюць на лісты. Гэта абуральна», – пракамэнтаваў Леанід Сьвецік рэакцыю ўладаў і дзяржаўных СМІ на яго прапановы.