Пятніца, 20 Сакавік 2015

«Гавары праўду» – супраць скарачэньня цягнікоў на Віцебшчыне

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

Полацкія актывісты «Гавары праўду» атрымалі адказ Віцебскага аддзяленьня Беларускай чыгункі. Транспартнікі лічаць, што скарачэньне колькасьці цягнікоў на маршруце Полацак-Віцебск было эканамічна абгрунтаванай мерай і спасылаюцца на страты ў суме больш за 300 мільярдаў рублёў.

Раней кампанія «Гавары праўду» зьвярнулася да адміністрацыі Віцебскай чыгункі з прапановай аднавіць колькасьць цягнікоў, якія застаюцца асноўным відам прыгараднай і рэгіянальнай камунікацыі для малазабясьпечаных катэгорыяў грамадзян.

У адказе чыноўнікі сьцьвярджаюць, што існы стан з чыгуначным транспартам на маршруце ў два разы перавышае нарматыў сацыяльнага стандарту, і «нарошчваць яго да рэкордных велічынь» ня бачаць падстаў. Апроч таго, на іх думку, кошт білетаў «фэнамэнальна танны».

Канстатуючы ўласны клопат пра сацыяльныя праблемы і патрэбы насельніцтва, адміністрацыя раіць пачакаць патрэбны цягнік, а ў выпадку другарадных транспартных патрэбаў рэкамэндуе карыстацца дзяржаўным ці камэрцыйным аўтамабільным транспартам. Да ліку «другарадных патрэбаў» чыгуначнікі аднесьлі чамусьці неабходнасьць наведваньня паліклінікі.

Паводле слоў заяўнікаў, адказ іх не задаволіў, і яны маюць намер сабраць подпісы грамадзян для звароту да дэпутатаў і ў вышэйшую інстанцыю.

zapraudu.info