Серада, 27 Красавік 2016

Жыхары адной з вуліцаў у Воршы дамагліся, каб пад іх вокнамі спынілі будоўлю

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

Будаўніцтва адміністрацыйна-гандлёвага цэнтру ў Воршы каля дому № 10 па вуліцы Сямёнава адмененае. Пра гэта паведамілі ў Аршанскім райвыканкаме.

Начальнік землеўпарадкавальнай службы Аршанскага райвыканкаму Ігар Фядорчанка сказаў: «Прынятае рашэньне аб выманьні ўчастку. То бок участак забраны і там ня будзе абʼекту».

На пытаньне, ці сталі прычынай такога рашэньня пратэсты мясцовых жыхароў, спадар Фядорчанка адказаў так: «Прычына палягае ў тым, што парушанае заканадаўства: несвоечасова пачалі будаўніцтва, прапушчаныя тэрміны будаўніцтва».

Плот з шыльдай прастаяў каля двух тыдняў. 20 красавіка ў мікрараёне зьявіліся рабочыя, якія дэмантавалі ўсё, што нагадвала пра будаўнічую пляцоўку. Ад плянаў наконт адміністрацыйнага-гандлёвага цэнтру не засталося і знаку.

Мясцовыя жыхары ўпэўненыя, што паспрыяла гэтаму іхная настойлівасьць: за пару тыдняў яны некалькі разоў накіроўвалі сваіх прадстаўнікоў у райвыканкам, зьвярталіся да журналістаў і напісалі зь дзясятак лістоў у розныя арганізацыі – ад санстанцыі да пракуратуры.

Людзі абурыліся, што дзеля будоўлі трэба высекчы больш за два дзясяткі дрэваў, якія яны пасадзілі ў сябе пад вокнамі. Атрымаўся невялікі сквэрык, які даваў цень. А тут выходзіць, што замест бярозак проста пад вокнамі мае вырасьці двухпавярховая будыніна.

Толькі тады, калі за домам пачалі майстраваць плот, жыхары даведаліся, што пляц пад іхнымі вокнамі яшчэ ў 2013 годзе выкупіў прыватны прадпрымальнік. Праўда, на шыльдзе з плянам будучага абʼекту значыўся іншы адрас: замест вуліцы Сямёнава – вуліца 60-годзьдзя БССР.

Насельнікі дому № 10 па вуліцы Сямёнава ўсьцешаныя перамогай, але лічаць, што супакойвацца яшчэ рана. Яны не выключаюць, што ў першапачатковы праект гаспадар можа ўнесьці нейкія папраўкі, і будаўніцтва распачнецца зноў. Людзі абмяркоўваюць, як бы набыць той пляц ва ўласнасьць каапэратыву, якому належыць дом. А жыхары іншых дамоў тым часам ходзяць да іх «пераймаць досьвед», бо лічаць, што ад падобных будоўляў пад вокнамі ніхто цяпер не застрахаваны.

Радыё Свабода