Сёлета праваабаронцы тэмай Дня салідарнасці з палітвязнямі Беларусі прапануюць ліст і права на ліставанне, якога беларускія ўлады пазбавілі сотні палітычных зняволеных. "Вясна" заклікае 21 траўня выказаць салідарнасць з усімі палітвязнямі, прыцягнуць увагу беларускага і міжнароднага грамадства да іх праблемаў і ў чарговы раз запатрабаваць ад уладаў вызвалення ўсіх палітзняволеных.
Чаму 21 траўня важны дзень для Беларусі?
Праваабаронцы абралі дату Дня салідарнасці з палітзняволенымі ў Беларусі невыпадкова. 21 траўня — гадавіна смерці ў калоніі палітвязня Вітольда Ашурка.
Вітольд — вядомы актывіст з Бярозаўкі, якога ў закрытым рэжыме асудзілі да пяці гадоў зняволення за падзеі 2020 года. Адбываць тэрмін яго накіравалі ў шклоўскую калонію. 21 траўня 2021 года, на 244-ы дзень свайго зняволення, палітвязень Вітольд Ашурак раптоўна памёр у шклоўскай калоніі. Афіцыйная прычына — спыненне сэрца, хоць, паводле сваякоў, да зняволення на здароўе мужчына не скардзіўся. Крымінальнай справы па факце ягонай смерці да гэтага часу няма. Менавіта Вітольд быў першым, хто ў лісце распавёў пра масавую пазнаку палітвязняў у калоніях жоўтымі біркамі.
У лістах на волю Вітольд Ашурак шмат пісаў пра салідарнасць і падтрымку беларусаў. Вось, што ён напісаў у апошнім лісце да маці ад 14-га красавіка 2021 года:
Што можна зрабіць да Дня палітвязняў?
арганізуй ці далучыся да акцыі салідарнасці ў тваім горадзе 21 траўня ў падтрымку беларускіх палітвязняў і акцыю памяці Вітольда Ашурка;
арганізуй мерапрыемства па падпісанні лістоў і паштовак салідарнасці;
начапі 21 траўня на адзенне папяровую птушку з прозвішчам палітзняволенага ці жоўтую бірку, сфатаграфуйся і выкладзі ў сацсеткі з хэштэгам #дзеньпалітвязняў;
зачытай на відэа ліст ад палітвязня і выкладзі ў сацсетках з хэштэгам #дзеньпалітвязняў;
напішы ліст палітвязню, апублікуй яго ў сацсетках з хэштэгам #лістыпалітвязням (даслаць ліст можна анлайн праз Майстэрню паштовак салідарнасці);
падтрымай палітвязняў іншым спосабам: пасылкай, грашовым пераводам, тэлеграмай, падтрымкай сям'і;
прыдумай і рэалізуй іншае дзеянне на знак салідарнасці з палітзняволенымі Беларусі.
Свабоду палітвязням!