Чацвер, 30 Красавік 2015

У Віцебску зьбіраюць дапамогу «дзецям Данбасу» (фота)

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

На лесьвіцах Віцебскага ўнівэрмагу, паміж 1 і 2 паверхамі, зьявіліся дзьве скрыні для збору грашовых ахвяраваньняў. Як пазначана на плякатах, прыклееных да скрыняў, ахвяраваньні прызначаюцца «дзецям Данбасу».

Ці шмат грошай арганізатарам акцыі ўдалося ўжо сабраць – невядома, бо скрыні не празрыстыя. Аднак многія віцебчукі, якія хацелі б дапамагчы дзецям, асьцерагаюцца рабіць ахвяраваньні такім чынам. Яны баяцца стаць ахвярамі махляроў, бо нідзе няма інфармацыі, хто зьбірае сродкі. Таксама невядома, хто даў дазвол на правядзеньне гэтай акцыі.

На адной са скрыняў ёсьць выява праваслаўнага крыжа, але ці маюць арганізатары збору сродкаў хоць якое-небудзь дачыненьне да царквы – невядома.

Нават калі зборшчыкі сродкаў – сумленныя людзі, і ўсё сабранае сапраўды будзе перададзенае на Данбас, усё адно застаюцца пытаньні. Паколькі тэрыторыі Данбасу, ахопленыя вайной, не кантралююцца дзяржаўнымі ўладамі Ўкраіны, жыхары Віцебску непакояцца, што сабраныя імі сродкі могуць насамрэч пайсьці ня дзецям, а баевікам-сэпаратыстам.

Віцебская вясна