Паводле інфармацыі delfi.lt, увечары 22 жніўня некалькі дзясяткаў «мясцовых расіянаў» прыйшлі да агароджы, якой абнесены помнік. Паліцыя Латвіі афіцыйна паведаміла, што былі затрыманыя 7 чалавек, і што распачатыя 10 адміністрацыйных справаў за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі, дробнае хуліганства дзеля распальвання варажнечы і непадпарадкаванне законным патрабаванням ахоўнікам правапарадку.
«Помнік воінам Савецкай Арміі – вызваліцелям Савецкай Латвіі і Рыгі ад нямецка-фашыстоўскіх захопнікаў» (Piemineklis Padomju karavīriem – Padomju Latvijas un Rīgas atbrīvotājiem no vācu fašistiskajiem iebrucējiem – лат.) быў адкрыты ў рыжскім Парку Перамогі ў 1985 годзе. Ён мае і неафіцыйную назву: «Помнік перамогі». Гэта 79-метровая калона з пяціканцовымі зоркамі ў версе, па абодва бакі ад якой месцяцца скульптурныя выявы «Радзімы-маці» і савецкіх воінаў. Пытанне пра знос мемарыялу паўставала і раней, аднак надзённую актуальнасць яно набыло пасля пачатку вайны ва Украіне. У значнай большасці грамадзянаў Латвіі помнік пачаў асацыявацца не з перамогай у Другой Сусветнай вайне, а з расейскай агрэсіяй. Таму грамадзяне Латвіі адкрылі збор сродкаў на дэмантаж гэтага помніка і сабралі на гэта некалькі соцень тысяч еўра. І паводле планаў гарадской адміністрацыі Рыгі, помнік будзе знесены да 15 лістапада.
Напрыканцы траўня Віцебскі абласны Каардынацыйны савет грамадскіх арганізацый і палітычных партый, які аб’ядноўвае праўладныя грамадскія структуры, выступіў з заявай пра тое, што Віцебшчына гатова прыняць помнікі часоў СССР, калі іх будуць зносіць у краінах Еўропы. Але заява мела выключна дэкларатыўны характар: ніхто не ўзгадняў такую магчымасць ні з абласнымі ўладамі, ні з Галоўным архітэктарам вобласці ды іншымі адказнымі службамі. Ніхто з заяўнікаў не пацікавіўся і меркаваннямі жыхароў вобласці, ад імя якіх узяў на сябе смеласць выступаць Каардынацыйны савет.
Станіслаў Іваноўскі