На думку аўтараў ініцыятывы, размяшчаючы інфармацыю на сваім афіцыйным сайце, райвыканкам дапусціў парушэнне закона, як мінімум, у двух выпадках.
У першай публікацыі гаворыцца пра трактарнае ралі, якое праходзіла ў вёскі Парыж, а ў другой пра харчаванне малодшакласнікаў. Абедзве публікацыі суправаджаюцца спасылкамі на партал навінаў tyt.by, які быў прызнаны ўладамі экстрэмісцкім і за распаўсюджванне матэрыялаў з якога ўлады строга пераследуюць грамадзян. Да петыцыі прымацаваны скрыншоты матэрыялаў на выпадак, калі публікацыі будуць «ціха» выдалены, каб потым у адказе напісаць, што «нічога не выяўлена», як гэта робіцца ў падобных выпадках, калі гаворка ідзе аб распаўсюджванні экстрэмісцкіх матэрыялаў рознымі дзяржаўнымі структурамі.
Аўтары спасылаюцца на Кодэкс аб адміністрацыйных правапарушэннях і розныя заканадаўчыя акты, у тым ліку на Закон «Аб сродках масавай інфармацыі» і сцвярджаюць, што «маюцца дастатковыя падставы меркаваць, што праз сайт Пастаўскага райвыканкаму службовымі асобамі прэс-цэнтра і прыёмнай Пастаўскага райвыканкаму дапушчана парушэнне абавязацельстваў, устаноўленых Законам аб СМІ, і ўчынена адміністрацыйнае правапарушэнне – распаўсюджванне інфармацыйнай прадукцыі, уключанай у Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў».
І просяць правесці адпаведную праверку фактаў распаўсюджвання экстрэмісцкіх матэрыялаў райвыканкамам, устараніць дадзеныя парушэнні і прыцягнуць службовых асоб да дысцыплінарнай адказнасці, а супраць самога выканкаму распачаць адміністрацыйны працэс.
Як правіла ўлады адмаўляюцца прыцягваць да якой-небудзь адказнасці чыноўнікаў, якія маюць дачыненне да распаўсюджвання экстрэмісцкіх матэрыялаў. Канешне, калі гэта не было праявай іх грамадзянскай пазіцыі, як у многіх беларусаў, асуджаных за распаўсюджванне рознай інфармацыі ў інтэрнэце. Як будзе на гэты раз, паглядзім. Але нешта падказвае, што пастаўскія чыноўнікі пазбегнуць адказнасці.
Антось Воўк