Андрэй Кулакоў – віцебскі актывіст, які зведаў рэпрэсіі ў Беларусі, выбраўся з Кіева, калі яго абстрэльвалі расейскія войскі, і вось ужо некалькі тыдняў дапамагае эвакуяваным украінцам і беларусам на польска-ўкраінскай мяжы
«Я ўжо, напэўна, вярнуся крыху іншым чалавекам. Не тым, якім з’язджаў. Бо столькі ўсяго пабачыў, столькі ўсяго прайшоў – гэта ўжо, вядома, свой адбітак трошкі пакінула», – дзеліцца Андрэй.
У Віцебску ў Андрэя было хобі – ён займаўся аўтамабілямі «Volkswagen Т3». Іх у яго было вельмі шмат. Але канал Сяргея Ціханоўскага змяніў ягонае жыццё.
«Пачалося ўсё недзе за паўгода да выбараў. Я стаў глядзець канал «Краіна для жыцця» Сяргея Ціханоўскага. І ён пачаў расплюшчваць мне вочы на тое, што не ўсё так добра ў нас у краіне. Бо да гэтага я палітыкай не цікавіўся ўвогуле», – успамінае Андрэй.
16 жніўня Андрэй размаляваў свой аўтамабіль і паехаў у горад. «Жывемабіль» вельмі спадабаўся беларусам. І прыцягнуў увагу сілавікоў.
Як толькі Андрэй заехаў у ціхі двор, яго супынілі даішнікі. Ён думаў, што яго хацелі затрымаць, таму вырашыў цягнуць час, каб паспеў сабрацца натоўп. Сапраўды, пачалі падыходзіць людзі і здымаць даішнікаў на тэлефоны. Тыя адступілі, толькі выпісалі штраф у 25 рублёў «за адсутнасць тэхагляду». Людзі тут жа скінуліся і ўручылі Андрэю гэтую суму.
Андрэя пазней затрымлівалі некалькі разоў, ён быў пакараны 15 соднямі і пераехаў ва Украіну.
«Славамабіль» у Польшчы
Зімой Андрэй марыў стварыць такі ж «Жывемабіль» у Кіеве. Але Расея пачала наступ на Украіну. І ў выніку стварыўся не «Жывемабіль» у Кіеве, а «Славамабіль» у Польшчы.
Андрэй ужо некалькі тыдняў дапамагае эвакуяваным украінцам і беларусам на польска-ўкраінскай мяжы. Ягоная машына – сімвал беларуска-ўкраінскай салідарнасці ў Польшчы.
Андрэй пакінуў Кіеў у першы дзень расейскага ўварвання і забраў з сабою сям’ю ўкраінцаў. Ужо ў Варшаве ён развёз пару гуманітарных грузаў. Так Андрэй зрабіўся валанцёрам.
«Я займаюся менавіта развозам, бо маю машыну. Мне гэта падабаецца. За дзень бывае ад ста да трохсот асобаў», – распавядае Андрэй.
аш герой праводзіць за стырном 8-10 гадзінаў штодня. Часам больш, але потым патрэбны адпачынак. Ён разам з іншымі валанцёрамі-беларусамі здымае кватэру. Калі ўсё збіраюцца, то праз недахоп месца даводзіцца спаць па чарзе.
«Мы не хаваем таго, што мы беларусы. У нас, у нашай групе валанцёраў, амаль усе былыя палітычныя ўцекачы беларускія. Плюс мы таксама дадаткова даносім да людзей, што Беларусь – гэта не Лукашэнка», – кажа Андрэй.
Адзіная просьба ад нашага героя – гэта дапамога беларускім валанцёрам, людзям, якія двойчы страцілі свой дом.
Калі вы хочаце дапамагчы і падтрымаць Андрэя, ягоную каманду, або далучыцца да валанцёраў на мяжы – лістуйце нам: Гэты адрас электроннай пошты абаронены ад спам-ботаў. У вас павінен быць уключаны JavaScript для прагляду.
Далучайцеся да нашых суполак у Facebook ды Instagram.
Праграму «Беларус беларусу» глядзіце на тэлеканале «Белсат» праз спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва «Sirius 4»), онлайн, на YouTube-канале «Белсат Life» або ў закладцы «Праграмы» на нашай старонцы.