«Пікетаванне ў інтэрнэце» набыло папулярнасць пасля жорсткіх расправаў з рэальнымі ўдзельнікамі, якіх пачалі масава караць за падтрымку пратэстаў супраць вынікаў прэзідэнцкіх выбараў 2020-га году. Неабыякавыя жыхары Беларусі, якія назвалі сябе «партызанамі», фатаграфаваліся або здымалі відэа з бел-чырвона-белымі сцягамі і плакатамі ў нейкіх малалюдных мясцінах, а потым выкладалі здымкі ў інтэрнэт дзеля падтрымкі аднадумцаў. Аднак нярэдка бывала так, што ўдзельнікаў відэа ці фотасесій адсочвалі, затрымлівалі і ўсё-ткі каралі. Зрэшты, бывалі выпадкі, калі «за ўдзел у несанкцыянаванай масавай акцыі» судзілі нават тых, у каго фотаздымкі з бел-чырвона-белай сімволікай былі толькі ў мабільным тэлефоне.
Пасля пачатку вайны ва Украіне грамадскія пратэсты выйшлі на чарговы віток. Беларусы пачалі пратэставаць супраць вайсковых дзеянняў, а міліцыя аднавіла карныя аперацыі супраць пратэстоўцаў. Жыхароў Віцебшчыны, прыкладам, судзілі за такія праявы салідарнасці з украінскім народам, як выхад на вуліцу з букетам жоўтых і блакітных кветак, за плакаты «Не – вайне!» або «Слава Украіне!»
Віцебскі пластылінавы чалавечак з жоўта-блакітным сцягам стаўся няўлоўным для сілавікоў. Аднак цяжка прадказаць, як зрэагуюць міліцыянты на з’яўленне ягоных фотаздымкаў у інтэрнэце. Верагодна, пачнуць шукаць аўтара ідэі або фатографа, каб пакараць за парушэнне заканадаўства аб масавых мерапрыемствах.
Феліцыян Красоўскі